![]() ![]() |
Выставы
ПОДЫХ ГОРАДА. Алена Кахановіч —> Перайсці ў выставачную залю
Кожны горад жыве сваім жыццем. Горад як чалавек: са сваім характарам, норавам, са сваім настроем. Мне пашанцавала наведаць розныя краіны, прайсціся па праспектах вялікіх мегаполісаў і па вузенькіх вулачках правінцыяльных гарадкоў. I я ўпэўнена магу сказаць, што горад гэта не толькі яго гісторыя, падзеі мінулага і сучаснасці. У першую чаргу, кожны горад — гэта яго жыхары, людзі, якія напаўняюць яго жыццём. Варта толькі зрабіць некалькі крокаў па незнаёмым табе горадзе, і ты можаш пабачыць многае: радасць, смутак, задуменнасць і нерухомы спакой — усё гэта на тварах людзей вакол цябе. Назіраеш за імі і быццам адчуваеш дух самаго горада. БЛАКІТНЫ СВІН І ЯМУ ПАДОБНЫЯ —> Перайсці ў выставачную залю На імпрэзе "Культурныя формы" прайшла выстава беларускіх коміксаў, прысвечаных Блакітнаму Свіну — сімвалу антыгламурнай літаратурнай прэміі суполкі "Літаратурнае прадмесце", якая ўручаецца за нонканфармізм і здольнасць захаваць творчую "самасць". Кіраўнік суполкі, пісьменніца Людміла Рублеўская так апісала гэты персанаж: "Блакітны Свін — беларуская птушка шчасця. У яго скура рамантычнага і наіўнага колеру неба, а пад ёю хаваецца дыхтоўнае тутэйшае сала з белымі і чырвонымі праслойкамі. Блакітны Свін падазрае, што многія пры поглядзе на яго ўяўляюць дзяльбу кабанчыка, але па сваёй шчырай рамантычнай натуры (і некаторай таўстаскурасці) у гэта ўсё-ткі не верыць і заўжды гатовы да любых авантураў і новых знаёмстваў. Ён аптыміст, але ведае, што праўдзіваму пісьменніку трэба час ад часу ўпадаць у дэпрэсію. У дэпрэсіі Свіну сумна, і тады ён выпадае з яе проста ў піўнушку ці ў паэтычную тусоўку. Блакітны Свін — экстравагантны, трохі брутальны, але вельмі ўдалы вобраз, які цалкам можа стацца архетыпам. Тут і авангард, і нацыянальная традыцыя, і вялікія магчымасці для фантазіі". Творы, прадстаўленыя ў нашай віртуальнай галерэі, былі аб’яднаныя ў электроннай кнізе коміксаў, якую атрымалі наведвальнікі імпрэзы "Выявы-2009". Ідэя стварэння коміксаў — Юлія Новік, распрацоўка і выданне электроннай кнігі — Юлія Новік і Віка Трэнас (прома-група ВЮ). Аўтары коміксаў — Даша Бельская, Алёна Беланожка, Іна Панамарчук, Данііл Жугжда і Васіль Паўлініч — маладыя мастакі, і кожны дадаў нешта сваё у вобраз Блакітнага Свіна. НАРАЧАНСКІЯ ЧАРЫ. Рагнед Малахоўскі —> Перайсці ў выставачную залю Гэтая фотавыстава першая ў творчай біяграфіі маладога паэта Рагнеда Малахоўскага (удзельніка Арт.С). У ёй аўтар адлюстроўвае сваё Нарочча і стаўленне да яго. Упершыню гледачы пабачылі “Нарачанскія чары” ў бібліятэцы Цёткі ў траўні 2007 года. Сёння з імі можна сустрэцца зноў у віртуальнай выстаўнай зале Арт.С. Вы пабачыце зімовы і летнія пейзажы, світанне і захад сонца, чаек і лебедзяў, атрымаеце асалоду ад краявідаў Нарачы. Водгукі можна пакідаць у "Гасцёўні". |