|
Удзельнiкi: Зміцер Арцюх
Паэт і журналіст. Дырэктар Паэтычнага тэатра "Арт.С".
Нарадзіўся 2 сакавіка 1978 года ў вёсцы Рутка Навагрудскага раёна. У 1995 годзе скончыў Ваўковіцкую сярэднюю школу. Падчас вучобы працаваў над школьнай насценгазетай "Жыве Беларусь!", якую стварыў настаўнік і самадзейны кампазітар Гродзеншчыны Мікалай Балай. З 1990 года пачаў друкавацца ў раёнцы з літаратурнымі і журналісцкімі матэрыяламі. Першы верш "У лесе" быў напісаны з дапамогай Мікалая Балая ў 1992 годзе. Адразу ж пасля заканчэння школы паступіў у Мінскі педагагічны каледж імя Максіма Танка. У 1998-ым атрымаў спецыяльнасць: настаўнік беларускай мовы і літаратуры, кіраўнік дзіцячай тэатральнай студыі. Быў рэдактарам газеты навучэнцаў педкаледжа "Крылы", якая друкавалася на старонках "Настаўніцкай газеты" і насценнай газеты "Наша слова". Пачаў супрацоўнічаць з кампазітарам Уладзімірам Сарокіным і ансамблем "Сябры", Алесяй, Ірынай Дарафеевай. У 2003 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (кафедра радыё і тэлебачання). Працаваў на Беларускім радыё і Беларускім тэлебачанні. Друкаваўся ў газетах і часопісах, калектыўных зборніках "Літаратурны квартал", "Дзень паэзіі", "Свет на дваіх". Быў аўтарам рубрык "Моладзь ідзе" ("ЛіМ"), "Паэтычны чацвер" ("Голас Радзімы"), "Максіма маладых" ("Культура"), "Паэтычны букет" ("Промышленная безопасность"). З 2002 па 2006 год Зміцер Арцюх з'яўляўся сябрам суполкі маладых творцаў "Літаратурнае прадмесце". Аўтар кнігі вершаў "Вясна ў кароткім паліто..." (2006 год, "Мастацкая літаратура"). Некалькі вершаў перакладзены на балгарскую мову. З ліпеня 2005-га працуе старшым карэспандэнтам у часопісе "Промышленная безопасность".
* * * Бакал чырвонага марціні, Дзве кроплі белага віна. Я назаву кактэйль "Айчына" І стану піць. І піць да дна. Мне лёгка будзе ад напою, Не важна нават колькі п'ю. Я так "Айчынай" супакою Душу збалелую сваю. |