|
Удзельнiкi: Юлія Новік
Паэтка.
Нарадзілася 1 студзеня 1985 года ў горадзе шахцёраў Салігорску Мінскай вобласці. Друкавацца пачала ў школьным узросце. Пасля заканчэння Салігорскай гімназіі паступіла ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны універсітэт, факультэт міжкультурных камунікацый, дзе акрамя асноўных дысцыплін і агульных прадметаў вывучала французскую, англійскую і нямецкую мовы, а таксама турызм. Пасля заканчэння універсітэта працуе ў Мінску. Цікавіцца перакладамі і рэкламай, актыўна ўдзельнічае ў літаратурных мерапрыемствах. Аўтарка зборніка вершаў “Сонца за тэрыконамі”, які выйшаў у 2007 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. Сімвал першай кніжкі - сонца, якое ўзыходзіць. Спрабуе пісаць вершы на французскай мове. Таксама мае шэраг публікацый - вершаў, артыкулаў і замалёвак - у часопісах “Полымя”, “Маладосць”, “Вожык”, газетах “ЛіМ”, “Раніца”, “Голас Радзімы” і іншых.
*** З твару не пазнаеш мяне, Ды сонца тваё начлежнае Свяціла мне проста ў вокны Так, што хацелася змоўкнуць Аповесцю абарванай. Годзе заказваць танец— Музыка яго перайначыў. Ціха смяецца скрыпка, А людзям здаецца—плача. З прорвы паспею крыкнуць: “Гэта не ваша справа!” Толькі ў адказ пачую: “Брава, актрыса, брава!” |