Удзельнiкi: Тацяна Барысюк

Тацяна Барысюк
пошта:
btp@tut.by



Паэтка, літаратуразнавец. Нарадзілася 18 кастрычнiка 1971 года ў Мiнску ў паэтычнай сям'і. Вершы піша з 9-ці гадоў. Пасля заканчэння сярэдняй школы i Мiнскага педвучылiшча № 1 скончыла фiлфак БДУ i аспiрантуру Iнстытута лiтаратуры iмя Янкi Купалы НАН Беларусi, дзе працуе малодшым навуковым супрацоўнiкам. Сябра суполкі "Літаратурнае прадмесце". Друкавалася ў зборніках "Літаратурны квартал", "Панядзелак", "Дзень паэзіі-2005", перыядычным друку. Самае буйное дасягненне за 2008-ы год – выдадзеная праца "Традыцыі англійскага і польскага рамантызму ў сучаснай беларускай паэзіі" (у зборніку "Еўрапейскі рамантызм і беларуская літаратура ХІХ-ХХ стагоддзяў"). Піша дысертацыю "Ідэйна-жанравыя пошукі ў сучаснай беларускай паэзіі (на матэрыяле творчасці Л.Дранько-Майсюка, В.Шніпа, Л.Рублеўскай і Э.Акуліна)". З’яўляецца аўтарам каля 30-ці паэтычных і каля 50-ці літаратуразнаўчых і крытычных публікацый. Аўтар паэтычнай кнігі “Аўтапартрэт” (2002).

Тацяна Барысюк Тацяна Барысюк


ФАНТОМНАЕ КАХАННЕ

Калі жыццё бяскрыліць прозай,
тады прыходзіць, як адхланне,
звыш – па малітве, светлай просьбе
фантомнае каханне.

Прыходзіць з веснавым цяплом,
як подых ветрыку ласкавы,
і ахіне сваім крылом,
бо для яго не трэба явы.

Яно прыходзіць, як натхненне, -
душа лірычнаму адкрыта –
і спапяляе ўсе сумненні,
бо для яго не трэба быту.

Азорыць дні, апромніць ночы.
Далонь на лоб – не звар’яцела.
І дастаткова бачыць вочы,
бо для яго не трэба цела.