Удзельнiкi: Рэгіна Багамолава

Рэгіна Багамолава

Загадчыца бібліятэкі Цёткі (галоўнай пляцоўкі), паэтка. Нарадзілася 6 лютага 1960 года ў Ашмянах. У 1977-ым скончыла сярэднюю школу № 1 і паступіла на факультэт бібліяграфіі і бібліятэказнаўства Мінскага інстытута культуры. Пасля заканчэння з 1981 па 1984 працавала ў гарадской бібліятэцы № 11, а з 1984 па 1996 год была загадчыцай навукова-тэхнічнай бібліятэкі, а пасля інжынерам аддзела маркетынгу эксперыментальна-канструктарскага тэхналагічнага бюро скургалантарэйнай і фурнітурнай прамысловасці. У 1996 годзе вярнулася да бібліятэкарства. Да 2003 года працавала ў Мінскай гарадской бібліятэцы № 19, адкуль прыйшла ў бібліятэку Цёткі загадчыцай. Вершы пачала пісаць у дзяцінстве, друкавалася ў раёнцы, аднак потым быў перапынак. Новы творчы ўздым адбыўся ў 2008 годзе пад уплывам вечарын Паэтычнага тэатра. Паэтычным дэбютам у рэспубліканскім друку можна лічыць падборку вершаў у газеце "Літаратура і мастацтва" за 15 жніўня 2008 года.

Рэгіна Багамолава

Белая панна

Іду па сцяжынцы.
Тут недзе хадзіла яна...
Дуплістыя ліпы,
Як сведкі кахання Ядвігі,
Таемна гамоняць,
Як быццам з відна да відна
Яны расплятаюць
Чароўныя сеткі-інтрыгі...

Вось рэшткі капліцы –
Апошні прытулак жыцця
Любімае жонкі
І яснавяльможнае пані.
О, як невыносны
Быў цяжар яе пачуцця, –
Ніякага сэнсу
Не мела жыццё без кахання!

І, кажуць, апоўначы
Белая Панна, адна,
У Лошыцкім парку
Ідзе па знаёмых мясцінах.
На Свіслач глядзіць –
Быццам човен чакае яна,
А з поўняй знікае
Той прывід няясны, хвілінны...

У Лошыцкім парку
Такі рамантычны настрой,
Старая легенда
Нібыта дзівосная казка,
Як быццам бы вабіць
Ізноў дакрануцца та той
Трагічнай любові
Чароўнай Ядвігі Любанскай.



* * *
На зямлю прыходзіць чалавек.
Ён такі бездапаможна кволы,
Але мае ён свайго анёла,
Разам быць цяпер ім цэлы век.

На зямлі з’яўляецца паэт
З трапяткой аголенай душою,
І яму не будзе супакою
Ён павінен свой стварыць Сусвет.

Ён павінен весці да святла,
Аж пакуль не разамкнецца кола,
Пад крылом нябеснага анёла
Па дарозе праўды і дабра...