|
Удзельнiкi: Наталля Пушкарова
Бард.
Нарадзілася 9 ліпеня 1987 года ў Кіеве. У 2003 годзе пераехала ў Беларусь, у Бабруйск. Там скончыла сярэднюю школу, музычную школу па класе віяланчэлі, Славянскую гімназію. У 2005 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт. І цяпер студэнтка факультэта беларускай філалогіі і культуры. Вершы публікаваліся ў часопісах "Дзеяслоў", "Маладосць", іншых перыядычных выданнях. Удзельнічала ў фестывалі "Бардаўская восень-2007" (Польша). Аўтар песень "Стыне гарбата", "Добрай раніцы", "Дрэва", "Боская маці" і іншых.
Унутры — пустоша Унутры — пустоша Не нясуць лісты лістаношы. Маё сэрца і вочы зношаныя. Валасы- маладосцю скошаныя. У мяне ўнутры пустоша. У мяне ўнутры пустоша. Унутры — неруш Табе дадзена, ты і верыш. А не верыш- бярэш і мераеш. Не жывеш, бо ўжо не ўмееш. У мяне ўнутры неруш У мяне ўнутры неруш. Унутры — крылы. І не звонку, як ва ўсіх застылых. І не з пераду, і не з тылу... Нам бы ў неба, хоць дый на вілах... У мяне ўнутры крылы. У мяне ўнутры крылы. Мне няма месца. Мяне песцілі й зараз песцяць. Мне спявалі й спяваюць песні. Ды толкі я магу ўласнае несці. І ўнутры ўжо няма мне месца. І ўнутры мне няма ўжо месца. *** Гадзіннік штрафуе мяне за непавагу, Слава Ісусу, хвала Алаху. Мёртвым зямля сірочым адзннем. Жывым — што смерць, што летуценне... Хтосьці спявае на могілках вершы, Хтосьці другі пасля тысячы першых. Тут што не тое — значыць, гэта... Маё белае, сінявокае гета... Адзін крок назад, адзін крок наперад — Страх там, дзе на канцы іглы вера... Нас на супрацьлеглыя бакі дзеляць Дзевятнаццаць — адзін і дзевяць Дзе ўсе даруюць за ўсіх нам. Я ўпэўнена — рай там. Дзе ўсе граюць са мной, А я граю з усімі. Дзе ніхто не плача ўслед нам. Я ўпэўнена: рай там. Неба за шэрай сцяной, Сіняе-сіняе... Літара ўлезла лічбы замест Я не твая святая нявеста. Корань расліны = камень мяккацелы. Я не сказала. І не кажу, што хацела. Перазімуем у шклянцы з алеем. Глядзі: на вокнах шкло ўжо тлее. На барыкадах крычым, як рыбы. Рыбам лягчэй — у іх адзін выбар. Ты так далёка — бліжэй не бывае, Скажы мне, дзе ты ёсць, я прылячу стаяй. Што гэта — фата маргана ці лёс? Мы не можам не быць, бо мы ўжо ёсць... |