|
Удзельнiкi: Мікола Кандратаў
Паэт і астролаг.
Аўтар кнігі вершаў "Возера Рудакова" ("Беларускі кнігазбор", 2002).
Нарадзіўся 20 траўня (мая) 1957 года ў вёсцы Замосце на Талачыншчыне. У 1974 годзе скончыў Коханаўскую сярэднюю школу, паступіў у Мінскі педагагічны інстытут на матэматычны факультэт. Па размеркаванні быў накіраваны ў Вілейку, дзе выкладаў матэматыку ў ПТВ аўтамабільнага транспарту. Зараз працуе праграмістам у Мінскім вытворчым аб'яднанні вылічальнай тэхнікі. У 1997-1999 гадах быў слухачом Авестыйскай астралагічнай школы Паўла Глобы. У 2005-ым скончыў Беларускі Калегіюм, аддзяленне філасофіі і літаратуры. Напачатку 2003-га стаў сябрам суполкі "Літаратурны квартал" (з 2004 году - "Літаратурнае прадмесце"). Друкаваўся ў зборніках "Літаратурны квартал" (2003), "Дзень паэзіі-2005", часопісах "Паміж", "Дзеяслоў", "Маладосць", "Полымя", газеце "Літаратура і мастацтва" і іншых. Займаецца перакладамі расейскай паэзіі на беларускую мову. Падрыхтавана да друку другая кніга паэзіі "Зоркі і вершы".
У Паэтычным тэатры "Арт.С" Мікола Кандратаў адзін з арганізатараў задыякальна-паэтычнага праекту "12 сузор'яў" у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча.
Шукаю Аксане Спрынчан Шукаю радасці ў журбе, шукаю вартасці ў Айчыне, шукаю смеласці ў сабе, шукаю светласці ў жанчыне. Шукаю праўды, як вар’ят у дзежцы з дзёгцем – лыжку мёду. Нібы ў граху – цнатлівасць, я шукаю сонца ў люстры лёду. Чытаю зорныя сляды – шукаю тлумачэнняў болю. Гады гудуць, як правады, а я шукаю ветра ў полі. Шукаю рэха – у гарах, шукаю бляску іскры ў кожным, шукаю вечнасці ў вачах... І надараецца – знаходжу. |