Удзельнiкi: Алесь Емяльянаў-Шыловіч

Алесь Емяльянаў

Быў зачаты падчас выбуху на ЧАЭС. Як пачаў пісаць гады са тры таму вершы і песьні, дык да гэных пор ня можа спыніцца. Жыве на моры. Менскім. Кніжак да халеры, а сваёй пакуль ня мае.
А калі сур’ёзна – паэт, перакладчык, бард. Навучаецца на біялягічным факультэце БДУ. Фіналіст конкурсаў беларускага ПЭН- цэнтра, прымеркаваных да 100-годзьдзя Ларысы Геніюш (дыплём I ступені), 100-годзьдзя Ч. Мілаша (дыплём II ступені), конкурса Саюза беларускіх пісьменьнікаў "Экслібрыс". Друкаваўся ў часопісах "Дзеяслоў", "Верасень", тыднёвіку "Літаратура і мастацтва", калектыўных зборніках народнага клюба кампазытараў і паэтаў "Жывіца". Заснавальнік (разам з А. Вальковым) музычнага гурта “аРБа”. Нарадзіўся ў 1987 годзе ў Крычаве, жыве пад Менскам. Творы перакладаліся на польскую і сербскую мовы.

Алесь Емяльянаў Алесь Емяльянаў Алесь Емяльянаў Алесь Емяльянаў

Арменія (паэтычны трыпціх)

    Орущих камней государство –
    Армения, Армения.
         В. Мандэльштам

I

Караундж* глядзеў на калядныя зоры
вачыма галодных каменных адтулін,
нібыта цыклопы ў пярэстай прасторы
з дазволу суворага часу паснулі.
Бадзяцца па зорным чужым лабірынце
я ў мроях сваіх нечакана паехаў
туды, дзе мацней арыяднінай ніці
камення спрадвечнага зычнае рэха,
дзе вецер салоны бядзе спачувае,
зямля пад нагамі паэта спявае:
"Каб музыка шчырага сэрца не ўмёрла,
крычы, не шкадуючы хворае горла…"

І – крыкнуў!
Шалёная воўчая зграя
жахлівыя іклы свае агаляе…

II

Крышыцца грыфель, трывае папера,
крычма крычыць у паэта душа.
Муза-пакутніца моўчкі сышла,
каб нарадзіцца ў наступную эру.
Чуеш, вібрыруе гучна струна? –
гэта ад сну ачуняла яна.

III

І зноў у срэбры год знікае,
нібы ў трызненні прамаўляе:
"Краіна, дзе крычыць каменне, –
Арменія, Арменія…"
---------------------------------------------------------------
*Караундж – найстаражытнейшая абсерваторыя на тэрыторыі Арменіі.



Адліга

    Аксане Спрынчан

ці то дождж
ці то снег
замест цукру
у каву
сакавіка
кладзем
ты мне
я табе
крочыш побач
па шакаладных плітках бруку
глядзіш на мяне
растаем
разам са снегам
расстаемся
але ж застаемся
разам
ці то ў дождж
ці то ў снег

сакавік нас вітае
адлігай