|
Удзельнiкi: Аксана Спрынчан
Пісьменніца. Дырэктарка Паэтычнага тэатра "Арт.С". Нарадзілася 23 жніўня 1973 года ў горадзе Лунінец Брэсцкай вобласці. Скончыла СШ № 28 г. Мінска, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1995), аспірантуру Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы НАН Беларусі (1998), Беларускі Калегіюм (2005). Працавала вядучым навуковым рэдактарам рэдакцыі літаратуры і мастацтва выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя" імя Петруся Броўкі. З 2006 у выдавецтве "Мастацкая літаратура". Зараз гадуе дачку Альжбэту, дзякуючы чаму пачала пісаць творы для дзяцей (часопіс "Вясёлка", №8, 2008). Рэдактар часопісаў "Паміж" №4 і №5 (з Вікай Трэнас). Была аўтарам рубрыкі "Паэтычны чацвер" (газета "Голас Радзімы"). З 2001 у аб'яднанні "Літаратурнае прадмесце". Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (2005).
Аўтар кніг паэзіі "Вершы ад А." (2004), "ЖываЯ" (2008). Пісаць пачала 13 красавіка 2000 года. Першыя вершы надрукаваныя ў газеце "Сафійская крыніца" ў 2001 (пад псеўданімам Ганна Сонгіна і Алеся Рабцэвіч). У 2006 у часопісе "Архэ" выйшла SMS-п'есКА з антрактам-размовай праз тэлефон "Дарога і Шлях", створаная разам з філосафам Алесем Анціпенкам. У 2007 у часопісе "Дзеяслоў" выйшла "беларуская энцыклапедыя пачуццяў" "Хата для Моўчы", напісаная ў выглядзе энцыклапедычных артыкулаў з рэдакцыйнай калегіяй, навукова-рэдакцыйнай радай, навуковымі кансультантамі, са сваёй сістэмай спасылак, курсіваў і скарачэнняў, са сваёй літаратурай паводле тэмы і г.д. Друкавалася ў часопісах "Архэ", "Вожык", "Дзеяслоў", "Крыніца", "Маладосць", "Нёман", "Паміж", "Першацвет", "Полымя", "Тэрмапілы", газетах "Голас Радзімы", "Літаратура і мастацтва", "Наша Ніва", у калектыўных зборніках і інш. Спецыяльны прыз журы пад кіраўніцтвам Палада Бюль Бюль Аглы міжнароднай прэміі "Садружнасць дэбютаў" "За філасофскую лірыку" (2008). Калекцыянуе жабак. Фотааматар. Гаспадыня Лысай Гары. ЗакаханаЯ.
* * * Пішу на каменьчыках літары, шпурляю ў ваду. Кругі, як жыцьцё, разыходзяцца – - - - - - К - - - - - - - - - - А - - - - - - - - - - - Х - - - - - - - - - - А - - - - - - - - - - Ю - - - - - - - - - - ? - - - - - - - - - - Л - - - - - - - - - - Ю - - - - - - - - - - Б - - - - - - - - - - Л - - - - - - - - - - - Ю - - - - - - - - - - ? - - - - - І ў неба ўглядаюся вусьцішна, што тоне ў вадзе. А з моўчы глыбокай дыханьне ці аблачыны, ці рыбіны: (ж) (ы) (в) (у) (!) і (ж) (ы) (в) (і) (!) і (ж) (ы) (в) (е) (!) * * * у адзіноце ўзгадваю назвы нотаў ДО РЭ МІ ФА СОЛЬ ЛЯ СІ ДО- сыць называць непатрэбнае бо не сьпяю паводле нотаў ніводнага імгненьня жыцьця але з душою сьпяю пра ДОлю і РЭха і МІлаваньне і ФАнтазію і СОЛЬ зямлі і ЛЯсы і СІнечу і ДО- сыць |