Стары новы год у Цёткі

Традыцыйная вечарына-маскарад. Адкрывае першую дзею сезону вечарын. Аўтар Зміцер Арцюх.

2011 (фота)
5-ы раз прайшла вечарына-маскарад "Стары новы год у Цёткі". На гэты раз яе правялі Баба Мароз (Рэгіна Багамолава) і Ялінка (Аксана Спрынчан). Была і Ягіня - гераіня першай вечарыны Паэтычнага тэатра Арт.С, якая прайшла амаль 5 гадоў таму. Маскарад быў незвычайна вясёлы і сюрпрызны. Паэты (Рагнед Малахоўскі і Мікола Кандратаў) спрабавалі спакусіць мастачку (Тацяну Макарэвіч), каб тая намалявала ім карціну. Гледачы танчылі пад пасьні Юрася Нератка. Рагнед Малахоўскі ўпершыню ў жыцьці чытаў вершы на піяніна. Ялінка зладзіла "сьвяточны" перформанс. Ігар Клепікаў прачытаў свой новы верш. Дызайнер Святлана Длатоўская распавяла пра маскарадныя строі. Адбылася і міні-прэзентацыя новай кнігі Юрася Нератка "Споведзь струны". Традыцыйна Аксана Спрынчан усім ахвотным варажыла па кнізе, на гэты раз гэта былі радкі Нератка.

2010 (фота)
Арт.С адкрыў першую дзею чацвёртага сезону вечарын. Тэма Старога Новага году гучала не зусім паэтычна – уборка, чысціня душы і цела. Калі ж задумацца, то гэтыя паняцці маюць непасрэднае дачыненне да паэзіі, як да інструмента, які рамантуе душы. І перш чым напісаць твор – паэт сам павінен мець чыстае сэрца. У вечарыне прынялі ўдзел як прадстаўнікі паэтычнага тэатра, так і госці. Сярод запрошаных упершыню былі – Святлана Кухлеўская, якая распавядала пра чысціню ў іншых краінах і дэманстравала ўнікальныя мыючыя сродкі і Вера Дземчанка, якая тройчы паказвала сваё майстэрства ігры на скрыпцы. Падзеі разгортваліся ў краме, дзе прыбіральшчыкамі працавалі Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан, якія не толькі падмяталі, пыласосілі, праводзілі конкурсы, але і чыталі вершы. Пра тое, як жыла Цётка 100 гадоў таму распавяла Рэгіна Багамолава, а Народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая па традыцыі выступае ў ролі Каралевы, прачытала вершы Цёткі, Якуба Коласа і Максіма Танка. Яшчэ адна народналюбімая артыстка Людміла Баяўчук на гэты раз выйшла ў вобразе украінскай навагодняй ночы і прачытала верш Барыса Олійніка пра тое, як не трэба напяльваць на сябе маскі, а заўсёды заставацца самім сабой – з чыстым сумленнем. Мастацкім афармленнем займалася Тацяна Макарэвіч. Гледачы атрымалі прызы, добрыя пажаданні на новы год і задавальненне ад прагляду вечарыны-маскараду.

2009 (фота)
Паэтычнаму тэатру "Арт.С" два гады і мы распачалі другі сезон вечарын. Па традыцыі першая дзея сезону адкрылася літаратурна-музычнай вечарынай-маскарадам "Стары Новы год у Цёткі". Сёлета свята правялі 9 студзеня і прысвяцілі году Зубра. Акцэнт быў зроблены і на сусветным фінансавым крызісе, пра які гаварылі ўдзельнікі маскараду: Жабрак – Зміцер Арцюх, які чытаў не толькі ўрыўкі з вядомага твора Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра", але і свае вершы; Паштарка – Рэгіна Багамолава, якая не толькі прыносіла пошту, чытала свае вершы, але і праводзіла конкурс "Адгадай пісьменніка-зубра", пераможцам уручыла фірмовыя шакаладкі Паэтычнага тэатра "Арт.С"; Паляўнічы – Вадзім Клімовіч, які не страляў, а цудоўна спяваў свае новыя і вядомыя песні; Каралева-Ёлка (намесніца Каралевы Зімы) - Людміла Баяўчук, якая прачытала верш Цёткі "З чужыны", напісаны 100 гадоў таму, вершы Сяргея Грахоўскага, распавяла пра сваё нараджэнне на ўзбярэжжы Чорнага мора і праспявала ўкраінскія народныя песні пра каханне. Ролі Зубрыхі і Зубра выканалі Аксана Спрынчан і Яраш Малішэўскі. Яны распавядалі пра шлюбныя і сямейныя святы зуброў, чыталі вершы, спявалі песні, пераканалі гледачоў, што частавалі іх "Зуброўкай". Да таго ж Аксана Спрынчан выканала яшчэ адну ролю – Цыганкі, па вершах зубра Сяргея Грахоўскага прадказвала гледачам плённы год. Мастацкае афармленне залы зрабіла Тацяна Макарэвіч.

2008
Літаратурна-музычная вечарына-маскарад адбылася на галоўнай пляцоўцы 11 студзеня 2008 года. Акцэнт быў зроблены на пачатку года шэрай мышы. Таму вядоўцы - Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан - пераўвасобіліся ў мышак. У галоўнай ролі - Каралевы зімы - выступіла народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая прачытала вершы паэтаў, што нарадзіліся ў год Мышы - Максіма Танка, Яўгеніі Янішчыц, Генадзя Бураўкіна. Яшчэ Каралева зімы прачытала апавяданне Цёткі "Навагодні ліст", якое было напісана 100 гадоў таму. Украінская актрыса Людміла Баяўчук, якая ўпершыню выйшла да гледачоў Паэтычнага тэатра "Арт.С", чытала байкі ўкраінскіх класікаў. Выступілі барды Вадзім Клімовіч, Яраш Малішэўскі, Раман Яраш, казачніца Алена Масла, паэты Маргарыта Аляшкевіч, Мікола Кандратаў, скрыпачка Юлія Гаўрылюк. Яе ігра была проста віртуознай. Аксана Спрынчан варажыла прысутным па кнізе "Гаспода" Леаніда Дранько-Майсюка. У рубрыцы "СМI пра нас" змешчаны артыкул Яна Акулiна, што быў надрукаваны ў газеце "Лiтаратура i мастацтва".

2007 (фота)
Свята адбылося 12 студзеня 2007 года, правялі яго Зялёнка - герой апавядання Цёткі (Зміцер Арцюх) і Ёлка (Аксана Спрынчан). Дарэчы, Аксана выканала яшчэ адну ролю - цыганкі-варажбіткі, плённы год прадказвала па сваіх вершах. Трэба адзначыць, што літаратурная варажба - нязменны атрыбут Старога Новага году ў Цёткі. Гэта жартаўлівая гульня, дзякуючы якой гледачы запамінаюць асобныя радкі з твораў беларускіх паэтаў.
Галоўную ролю - Каралевы зімы - пачала выконваць народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч. Каралеве падарылі не адзін букет кветак. Самы арыгінальны - музычны - песня ў выкананні Тацяны Нілавай "Тры кветкі" на словы Цёткі. Бард Вадзім Клімовіч зрабіў акцэнт на 125-цігоддзі з дня нараджэння Янкі Купалы і парадаваў прэм'ерай песні "А хто там ідзе?". Паэт Рагнед Малахоўскі расказаў пра тое, як сустракае Новы год на Нарачы з беражніцамі, а галоўная казачніца краіны Алена Масла прачытала ўрывак са сваёй новай казкі. Была арганізавана выстава жывапісу "Зімовыя фантазіі", якую спецыяльна да вечарыны падрыхтавалі студэнты Акадэміі мастацтваў Антон Вырва, Раман Коршунаў, Антон Міхаленка.
Трэба адзначыць, што Стары Новы год удзельнікі Паэтычнага тэатра заўсёды адзначаюць весела, лёгка. Але за гэтым стаіць сур'ёзная падрыхтоўка, таму што Стары Новы год - гэта мерапрыемства, па якім можна вызначыць, якім атрымаецца год.