СМІ пра нас

2011   2010   2009   2008

Бярозка (2010)

ВОГНЕННЫ ВОЖЫК І ЯЗЫК ШЧАСЦЯ
    "Пачынаецца казачка так: Жыў-быў Вожык у лесе, а потым узяў ды памёр… Ды не той, пра якога хачу расказаць, а другі, зусім іншы – вялікі, стары." Можа б, і не прапусцілі ў часопісе не для дарослых такі пачатак, каб не аказаўся ягоным аўтарам народны пісьменнік Беларусі Янка Брыль. Ды і Вожык, пра якога зараз буду распавядаць, не памёр і нават яшчэ не быў вялікім і старым. Яго нават і не было ў гэтым свеце ніколі. Ён павінен нарадзіцца ў навагоднюю ноч і стацца першым у гісторыі Беларусі. А ўсё таму, што Паэтычны тэатр "Арт.С" (art-s.by) вырашыў жыць паводле свайго, беларускага, а не ўсходняга календара. І з 2009 года так і жыве, распачаўшы 12-гадовы праект "Святкуйма беларускае!" Першы год цыкла быў абвешчаны годам Багоўкі, і гэта зусім не выпадкова, бо, як кажуць, у Беларусі Бог жыве. 2010 мы пражылі з Зялёнай Жабкай, якая ніколі не здаецца, якая не толькі любіць Радзіму з усімі яе балотамі, але і ведае, што беларускія балоты дапамагаюць дыхаць усёй Еўропе. А 2011 год будзе годам Вогненнага Вожыка. І гэта абгрунтавана. Калі прыгледзецца да лічбы 2011, дык вы пабачыце, што ў ёй нават дзве голкі ёсць, а 20 – гэта колькасць зубоў у вожыка на верхняй сківіцы. Але не адно арыфметыка паўплывала на наш выбар. Вожык – жывёла, якая ў народных уяўленнях надзяляецца мудрасцю. Ён ведае, як здабыць “разрыў-траву”, што здольная адмыкаць без ключа любыя замкі. Вожык – жывёла, якую ўсе любяць. І гэта рэалісты і гумарысты тлумачаць тым, што з усіх сысуноў, што жывуць у Беларусі, толькі з вожыкам у чалавека розныя гастранамічныя схільнасці. Хоць насамрэч вожык, калі карова ў хляве ляжыць, можа нават "падаіць" яе і паласавацца сырадоем. Чаму ж год Вогненнага Вожыка? А таму, што вожык пры знаёмстве з новымі людзьмі і прадметамі пачынае пыхкаць, і цудоўная беларуская казка "Пых" менавіта пра яго. Пыхкае, як агонь. І, як агонь, можа апячы. Нездарма ж у беларусаў ёсць альманах гумару і сатыры "Вожык", якому ў 2011 споўніцца аж 70 гадоў. Але, нічога кепскага не падумайце: хоць ён вялікі і стары, але паміраць не збіраецца. У сліне вожыка ёсць ядавіты фермент, якім ён змазвае кожную голку, а іх у дарослых вожыкаў 5—6 тысяч. Вожык валодае і імунітэтам супраць яду гадзюкі. І нават такія моцныя яды, як цыаністы калій ці мыш'як на яго слаба дзейнічаюць. Вось гэтым, як мне падаецца, вожык таксама блізкі беларусам, у якіх насамрэч вельмі моцны імунітэт супраць ворагаў. Можам і ў клубочак скруціцца, але пасля абавязкова пад адхон пусцім. Невытлумачальна, але гэтае калючае стварэнне заўжды выклікае пяшчоту і замілаванне. Аднойчы вожык мне паказаў язык, і мне было зусім не смешна, гэта было пачуццё шчасця. Чаго і жадаю вам у год Вогненнага Вожыка.
    Паэтычны тэатр "Арт.С" разам з часопісам "Бярозка" аб'яўляе конкурс на лепшы твор літаратуры альбо мастацтва, прысвечаны герою 2011 года. Пераможцаў чакаюць каштоўныя і запамінальныя прызы. Не праспіце, нават калі любіце спаць гэтак жа, як і вожыкі.
Аксана Спрынчан,
дырэктарка Паэтычнага тэатра "Арт.С"
Бярозка, №6, 2010


Звязда (2010) (http://www.zvyazda.minsk.by/ru/main/)

КАЗКІ МУДРАЙ ПРЫГАЖУНІ
    Дзіцячая пісьменніца Алена Масла прэзентавала сваю новую кнігу.
    У кнізе, як і ў чалавеку, усё павінна быць прыгожым: і знешні выгляд, і змест. Менавіта таму прэзентацыя кнігі казак Алены Масла "Першая прыгажуня", што пабачыла свет у выдавецтве "Літаратура і Мастацтва", нагадвала... конкурс прыгажосці. Сама назва абавязвала.
    Што да знешнасці, то "Першая прыгажуня" ўжо паспела заваяваць прэстыжны тытул. На Нацыянальным конкурсе "Мастацтва кнігі 2010" яе прызналі самым прыгожым выданнем, а мастачку Тамару Шэлест, якая шчыравала над абліччам "Першай прыгажуні", — лепшым ілюстратарам гэтага года.
    — Калі размова ідзе пра прыгажосць, дык у мастацкім аздабленні можна ўзнесціся ў нябёсы, але мастачка Тамара Шэлест зрабіла кнігу колерам зямлі, — адзначае Алена Масла.
    Колерамі зямлі была аздоблена і зала сталічнай бібліятэкі імя Цёткі, дзе праходзіла прэзентацыя. На вечарыну таксама "запрасілі" некаторых герояў казак Алены Масла: гарбузы з агарода бацькоў пісьменніцы, кветкі фізалісу, маслабойку. А ўсім прысутным раздавалі чароўныя пігулкі для пахудзення ці патлусцення.
    За тытул Першай Прыгажуні падчас конкурсу змагаліся: навуковец Таццяна Барысевіч, казачніца Наталля Бучынская, намеснік рэдактара часопіса "Вясёлка" Настасся Радзікевіч, пісьменніца Аксана Спрынчан ды іншыя.
    Экспертамі па жаночай красе выступілі гісторык Яраш Малішэўскі, пісьменнік Юрась Нераток, галоўны рэдактар выдавецтва "Мастацкая літаратура" Віктар Шніп.     Знаўца гісторыі красы ў Беларусі Яраш Малішэўскі не ўтрымаўся ад кароткай лекцыі пра каноны беларускай прыгажосці.
    — У перыяд готыкі красунямі лічыліся дзяўчыны зграбныя, з белай скурай, з чырвонымі пульхнымі вуснамі. У часы барока — гэта дзяўчына ці кабета з пэўнымі формамі, якая можа і пажартаваць, і патанчыць, і гасцей сустрэць. Насамрэч за стагоддзі ўяўленні аб жаночай прыгажосці ў Беларусі асабліва не змяніліся, — адзначыў Яраш Малішэўскі.
    Урэшце журы адзінадушна прыйшло да высновы, што ўсе беларускія жанчыны — прыгажуні. Таму прайграўшых у конкурсе не было. Але найбольш кампліментаў атрымала Алена Масла і яе "Першая прыгажуня". Кніга насамрэч прыгожая і мудрая. Кожная казка непарыўна звязана з сучасным жыццём. А "Гісторыя адной Канапы" ўвогуле заснаваная на рэальных падзеях.
    — У мяне дома была канапа. Мы яе вельмі любілі. Але калі ад старасці канапа зламалася, я пачала на яе наракаць і вырашыла купіць новую, — распавядае казачніца. — І тут злавіла сябе на думцы: калі перанесці гэта ўсё ў рэальнае жыццё, то пакуль ты малады і гожы, усе табой захапляюцца, а як толькі састарэў — значыць, ужо кепскі.
    Так нарадзілася ідэя казкі. Але пісаць змрочны твор пісьменніцы не хацелася. Фінал казкі падказала гісторыя першай настаўніцы сына Алены. Галіна Міхайлаўна Бітно выйшла на пенсію, але не стала сядзець склаўшы рукі: адкрыла некалькі нядзельных школак, пачала распрацоўваць методыкі навучання.
    — Вось і казка пра тое, як не нудзіцца, быць мэтанакіраваным, самадастатковым і радаваць свет у любым узросце, — падсумоўвае пісьменніца.
    І такіх амаль нявыдуманых гісторый у зборніку шмат. Таму намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Вясёлка" Настасся Радзікевіч лічыць, што "Першую прыгажуню" трэба вывучаць у школе.
    "Першую прыгажуню" Алены Масла я прачытала за адзін вечар і паставіла на паліцу побач з маімі любімымі казкамі Караткевіча, Андэрсэна, Гафта, братоў Грым. Спадзяюся, што праз некаторы час там з'явіцца чарговая кніга Алены Масла. Прыгажосць — цудадзейная сіла.


СБ-Беларусь Сегодня (2010) (http://www.sb.by)

ЛИРА, ЛЮТНЯ И ЛЮБОВЬ
    Творческие дуэты — вещь редкая, но всегда привлекающая внимание. Конечно, Шопенгауэр говорил, что кто не любит одиночества, не любит свободы... Но, видимо, в удачных случаях две творческие свободы не ограничивают друг друга, а приумножают... Во всяком случае, когда я вижу выступления творческого дуэта — поэтессы Аксаны Спрынчан и музыканта, историка Яраша Малишевского, — понимаю, как они друг друга дополняют. Аксана и Яраш выступают в поэтическом театре «АРТ.С», ведут серию вечеров «Сем цудаў Беларусi», в которых Яраш проводит для зрителей виртуальные экскурсии... Недавно в издательстве «Мастацкая лiтаратура» вышла написанная Аксаной и Ярашем книга «Незвычайная энцыклапедыя беларускiх народных iнструментаў».
    Аксана Спрынчан: Историю создания книги мы рассказали в предисловии, как сказку. Работала, мол, в издательстве «Беларуская энцыклапедыя» тетя Аксана, которая была писательницей и очень любила слушать белорусскую музыку. И пришел туда дядя Яраш, музыкант, историк, коллекционер народных инструментов. Они не могли не влюбиться друг в друга, поженились. А потом у них родилась дочка Альжбэта. Папа и мама читали ей книги, а потом заметили, что нет детской книги о белорусских народных инструментах. Вот и надумали ее создать. Тем более так случилось, что первое слово, которое сказала Альжбэта, было «мама», второе — «тата», а третье — «дуда».
    – На каких же инструментах, Яраш, ты умеешь играть?
    Яраш Малишевский: На дуде, лире, окарине, пищиках, мандолине, дудках, варгане, бубнах, шархунах, стальках...
    – Что такое стальки?
    Я.М.: Так называется металлический треугольник, к которому прилагаются подковки, кусочки металла, колокольчики — так что получается почти перкуссионная установка... Играю и на гитаре, на лютне, пианино. Освоил флейту, саксофон...
    А.С.: Но лучше пищика ничего нет. Народный инструмент из одной соломинки — и на нем играются целые музыкальные пьесы.
    Я.М.: Когда я был на гастролях в Дании, Германии, слушателей пищики впечатляли невероятно. Датчане все повторяли: «Неужели такая малюсенькая хрупкая штучка может давать такой звук?» Кроме пищиков из соломы, есть еще чаротки. Одна из них у меня изготовлена из тростника, срезанного на озере Нещердо, описанном в повести «Шляхцiц Завальня» Яна Барщевского. Барщевский утверждал, что в этом озере водятся цмоки, водяные драконы. Так что энергетика в чаротке еще та... Одна моя дудка сделана из балки дворца XVIII века, находившегося на Полесье. От того дворца не осталось ничего, даже следа. Только эта дудка осталась.
    – Яраш, а с какими музыкальными группами ты сотрудничаешь?
    Я.М.: Pete–Paff, Р.L.А.N, «Гарадзкiя»... Играл с такими коллективами, как «Александра и Константин», «Крона», «Мадера хард блюз»... Конечно, у меня и сольные записи, и выступления. Хотя музыкального образования нет, я самоучка. Очень много дает участие в разных фестивалях, соприкосновение с другими культурами. Помню интересное путешествие в Сейны — там каждый год проходит фестиваль еврейской культуры. Я оказался в составе единственной белорусской группы, которая там играла. Очень многое почерпнул.
    А.С.: А вот у меня ни слуха, ни голоса... Помню только, как год занималась на домре, разучивала песню «Ой, полным полна моя коробушка».
    – Откуда в коллекции такие редкие инструменты, как лира?
    Я.М.: Некоторые инструменты — лютня, дуда — у нас практически исчезли, теперь мастера ищут старые образцы и восстанавливают их. К примеру, лира, на которой я играю, сделана известным мастером Тодаром Кашкуревичем.
    – В вашей энциклопедии есть виртуальный гид — маленькая жабка...
    А.С.: А как иначе могло получиться, если авторы книги — двое коллекционеров: один собирает музыкальные инструменты, другая — лягушек, и существуют художники, которые знают, что любят авторы. Благодаря молодой художнице Веронике Шнип моя любимая жабка поселилась в нашей книжке. По–моему, жабка такая же худая, как и я, и так же путешествовать любит...
    – Вы много путешествуете?
    А.С.: Конечно, и вдвоем, и с друзьями...
    Я.М.: Одно из моих занятий — гид, вожу туристов по Беларуси, то в Гродно, то в Полоцк, то на Браславщину...
    А.С.: Люблю, когда путешествия соединяются с музыкой. Когда Яраш во дворе старинного замка или над живописным болотом играет на дуде или окарине... Создается такая романтическая, неофициальная атмосфера. А возле нашей дачи у Лысой Горы есть дуб, и Яраш приходит туда играть на флейте...
    Я.М.: А потом начинается фантастика: когда я уже закончил играть, эхо с разных сторон многократно повторяет музыку. Удивительная акустика!
    – Помню, как мы с клубом «Лiтаратурнае прадмесце» ездили к вам на дачу и там дружно разрисовывали мелками стены и дорожки, а фломастерами — изразцы на печи. Что–то от нашего творчества осталось?
    А.С.: Мел, конечно, смывается... Но, поскольку дача у нас небольшая, своего замка нет, Яраш каждый раз, когда приезжает, рисует на стене замок, панораму средневекового города с башнями... Гости тоже могут что–то нарисовать, а в доме на печке написать свои стихи. На втором этаже я открываю музей Франциска Скорины.
    Я.М.: Скорее, мемориальную комнату.
    А.С.: Недавно нам подарили бюст Скорины. Мы поставили его на видное место и теперь подбираем другие экспонаты.
    – Театр «АРТ.С» продолжит деятельность?
    А.С.: Конечно. Руковожу театром я, а Яраш считается главным музыкантом. При этом все на общественных началах.
    Я.М.: Чем меньше денег, тем меньше интриг. Вот провели в библиотеке имени Тетки в программе «Сем цудаў Беларусi» вечера, посвященные болоту, Несвижскому замку, озеру Нарочь, Софийскому собору в Полоцке. Впереди — виртуальные путешествия к Мирскому замку, Неману, Беловежской пуще...
    А.С.: А есть у нас проект, рассчитанный на 12 лет, — «Святкуйма беларускае». Мы создаем свой календарь в противовес восточному: там — год Тигра, год Змеи, год Обезьяны... А у нас был год Божьей коровки. Теперь — год Зеленой жабки, а следующий год будет годом Ежика... Еще не знаю, какого цвета. На вечерах, посвященных этим праздникам, писатели и поэты читают произведения о названных животных. Свои праздники отмечать всегда интереснее, чем чужие.
    – А какие самые интересные странствия у вас были?
    А.С.: Из последних поездок помню шведский Висбю на острове Готланд — меня поразило, как там руины бережно сохраняются рядом с современной застройкой. В них проводятся концерты, выставки, и это создает городу свою атмосферу. А из путешествий по Беларуси запомнился костел в Субботниках. Я люблю лазать на колокольни и в подвалы. В храме для нас с помощью бревна открыли тяжелые двери в подземелье, и мы спустились в усыпальницу Умысловских. И пока все туристы были внизу, я успела подняться наверх и залезть на хоры...
    – Яраш, а песни на слова Аксаны пишешь?
    Я.М.: Иметь женой поэтессу нелегко, и обойтись в творчестве без песен на ее тексты — непростительно. Первая моя песня на стихи Аксаны — «Сяброўскi блюз», еще одну песню, «Восеньская самота», я сочинил для фестиваля «Бардовская осень» в Бельске.
    – Но самое главное ваше общее произведение — это, конечно, дочь... Можете сказать ее полное имя?
    А.С.: Альжбэта–Бронислава Ярашевна Малишевская–Спрынчан.
    – Почему так сложно?
    Я.М.: Мы не могли обойтись без красивых старых белорусских имен. Не только у испанцев бывают сложные имена — это и в наших традициях.
    А.С.: Яраш считает, что Альжбэта — это из истории, а я считаю, что из литературы: так звали мать Павлинки из пьесы Янки Купалы.
    Я.М.: Когда записывали имя дочки в ЗАГСе, пришлось даже немного побороться, чтобы записали именно в той форме, как мы хотели: Альжбэта.
    А.С.: А Бронислава — это в честь моего деда, поэта Бронислава Спринчана, который погиб несколько лет назад. А двойная фамилия — понятно почему. Если в семье два творческих человека...
    Я.М.: ...уступать никто не хочет. Пришлось плюсовать и имена, и фамилии.
    – Какие еще традиции есть у вас?
    А.С.: У нас есть воздушный змей нашей семьи. Мы запускаем его каждый год на Лысой Горе как символ нашей любви.
    Варган — древний язычковый инструмент. Самые ранние сведения о варгане — из XII века: археологи нашли его в Друцком замке, что на Витебщине. Играют так: концы варгана прижимают к зубам, а указательным пальцем правой руки щиплют его язычок.
    Дуда — под ее звуки войска шли в бой, в Беларуси дударь считался сакральной персоной. Изготавливалась из козлиной шкуры. В дуде может быть несколько «бурдонов» — жалеек, каждая из которых играет на своей ноте.
    Клекотки — ударный инстумент, изготавливался из твердых пород дерева (бук, граб).
    Лира, или лера — с этим инструментом по древней Беларуси ходили слепые нищие, зарабатывавшие на жизнь исполнением баллад и песен. Звук в лире возникает при трении о струны колеса, приводящегося в движение с помощью ручки, которую крутит музыкант.
Людмила Рублевская
(http://www.sb.by) 27.10.2010


Газета "Новы час" (2010) (novychas.org)

АД ЯРАША І АКСАНЫ З ЛЮБОЎЮ!
    Ужо чацвёрты сезон паэтычны тэатр «Арт.С» (art-s.by) запрашае на свае вечарыны ўсіх прыхільнікаў нацыянальнай культуры. «Фірмовыя» літаратурна-музычныя імпрэзы тэатра адбываюцца пры поўным аншлагу ў сталічнай бібліятэцы імя Цёткі.
    Не выключэннем стала і нядаўняя сустрэча аматараў беларускай музыкі і літаратуры, якая была прымеркавана да выхаду ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» дзіцячай «Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў». Гасцямі яе сталі аўтары кнігі — муж і жонка Яраш Малішэўскі і Аксана Спрынчан.
    Тэма выдання аўтарамі выбрана невыпадкова: Яраш Малішэўскі — калекцыянер старажытных беларускіх інструментаў, гісторык і фолк-выканаўца, вядомы слухачам па ўдзелу ў гуртах «Pete Paff» і «P.L.A.N.». Муза Яраша — жонка і, па сумяшчальніцтву, суаўтар «Незвычайнай энцыклапедыі...» Аксана Спрынчан — знаная паэтка і аўтар шматлікіх зборнікаў, якія прынеслі ёй вядомасць у айчыннай літаратуры.
    Плод іх сумесных творчых намаганняў — «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў» — з’яўляецца, па сутнасці, першым у краіне сістэматызаваным выданнем для дзяцей, у якім у паэтычна-казачным ключы распавядаецца пра шматлікія народныя музычныя інструменты: ад жалейкі да леры, ад цымбалаў да дуды з басэтляй... Прытым аўтары прыводзяць не толькі фактычныя дадзеныя, але і паэтызаваныя легенды пра ўзнікненне таго ці іншага інструмента. Каляровым дадаткам да звестак і паэтычных легенд Я. Малішэўскага і А. Спрынчан з’яўляюцца ілюстрацыі да «Энцыклапедыі...», якія таленавіта стварыла Вераніка Шніп.
    Дарэчы, Вераніка прадэманстравала яшчэ адзін свой талент — музыканта, калі выступіла перад наведвальнікамі прэзентацыі ў складзе рок-гурта «SCALES». Дачку Вераніку падтрымалі і бацькі юнай мастачкі — паэтычны дуэт Віктара Шніпа і Людмілы Рублеўскай. Жывыя класікі сучаснай беларускай паэзіі парадавалі слухачоў цудоўнымі паэтычнымі радкамі, якія яны ў розныя часы прысвяцілі вечнай музычнай тэме. Гэта тэма па-свойму хвалюе і айчынных казачнікаў: прадстаўніца «казачнага цэха» айчыннай літаратуры Алена Масла прысвяціла свой твор цудам, якія творыць Музыка.
    Расповед пра ідэю і працэс стварэння «Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў» аўтары выдання пабудавалі ў форме сямейнага дыялогу, калі Яраш і Аксана дапаўнялі сваімі думкамі і ўспамінамі чытанне паэтам Зміцерам Арцюхом асобных артыкулаў «Незвычайнай энцыклапедыі...». Галоўнымі дзеючымі «асобамі» вечарыны сталі ўсё ж беларускія народныя інструменты, якія ў выкананні свайго ўладальніка — Яраша Малішэўскага — прагучалі ў гэты вечар. Слухачы бурнымі воплескамі сустракалі і простыя народныя найгрышы на жалейцы, парных дудках, і лірніцкія балады, кшталту старажытнай «Рыцара Байды», якую так пранікнёна выканаў Я. Малішэўскі.
    Многія ўдзельнікі прэзентацыі гэтага выдання (у тым ліку аўтар гэтых радкоў і яго пастаянны vis-а-vis, музычны крытык В. Мартыненка) адзначалі арганічную сувязь «Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў» і толькі што выдадзенага З. Сідаровічам, Т. Матафонавай і іх дзецьмі Адсём і Тамашом «Дзіцячага альбому». Абодва гэтыя выданні — кнігу і дыск — можна выкарыстоўваць у якасці рэпертуарных і метадалагічных дапаможнікаў на ўроках спеваў ці ў працэсе хатняй музычнай адукацыі ў беларускамоўных сем’ях.
    Як пацвярджэнне гэтых слоў, на прэзентацыі прагучалі некалькі твораў з «Дзіцячага альбома» з выкарыстаннем дуды і скрыпкі, пра якія так цікава распавядаецца ў «Незвычайнай энцыклапедыі беларускіх народных інструментаў». Асабліва шчыра слухачамі была прынята адна з песень «Дзіцячага альбому» — полька-прыпеўка «Рыба з ракам», якая так хораша прагучала ў перакладзе для звонкіх галасоў Адася і Тамаша.
    Музычную эстафету праекта «Дзіцячы альбом» падхапілі больш сталыя артысты — удзельнікі літаратурна-музычнага гурта «Жаба ў каляіне». Гэта музычная суполка ў складзе вядомага ў паэтычных колах Мюра Фарыдовіча і гітарыста Максіма Іўкіна прапанавалі слухачам кароткія музычныя спектаклі паводле твораў класікаў айчыннай паэзіі. Сюрпрызам ад «Жабы ў каляіне» стала феерычна-музычнае прачытанне артыкула з «Незвычайнай энцыклапедыі...» «Цымбалы», у якім бліскуча выканала партыю гэтага інструмента Надзея Каракулька.
    Безумоўна, «Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў» будзе мець поспех у чытачоў розных узростаў. Выданне паслужыць мэце музычнага выхавання нашых дзетак. Але каб яго мэты былі дасягнуты больш вынікова, патрэбна, каб «Незвычайная энцыклапедыя...» была дапоўнена не толькі змястоўна, але і мела аўдыё- і відэа-дадатак у выглядзе DVD-дыску з запісамі гучання інструментаў, пра якія ідзе размова ў кнізе. Зрэшты, па словах аўтараў, выданне будзе мець працяг. А значыць, ёсць надзея, што нашы заўвагі будуць улічаны ў новых тамах гэтага карыснага даведніка.
Анатоль Мяльгуй
Новы час, №38, 22 кастрычніка 2010


Газета "Літаратура і мастацтва" (2010) (http://www.main.lim.by)

ВЕРШАСПЕЎ ПА-ЎКРАІНСКУ
    Паэтычны тэатр Арт.С падрыхтаваў незвычайную і нетрадыцыйную пастаноўку. На галоўнай пляцоўцы – у бібліятэцы Цёткі адбылася прэм’ера вершаспева “Дзяўчына з легенды”. Гэта монаспектакль паводле паэмы ў вершах “Маруся Чурай” вядомай украінскай паэткі Ліны Кастэнка. Аўтар ідэі, рэжысёр і выканаўца – актрыса Людміла Баяўчук. Яна распавядае чытачам “ЛіМа” пра стварэнне спектакля.
    – Пра “Дзяўчыну з легенды” можна сказаць – псіхалагічны спектакль. Ён ідзе больш за гадзіну і ўвесь гэты час трымае гледачоў у напружанні. На першы погляд – спектакль не модны, бо сённяшнюю сцэну запаланіла лёгкая, прымітыўная і пашлаватая камедыя. Але калі падумаць пра сэнс тэатральнай творчасці, то менавіта такія пастаноўкі павінны сёння быць. Яны прымушаюць чалавека думаць і памятаць аб вернасці, каханні, дабрыні. Гэта маё асабістае меркаванне. Людміла, ты яго падзяляеш?
    – Я не толькі яго падзяляю, я лічу, што і каханне, і вернасць, і патрыятызм – гэта тыя кіты, на якіх трымаецца жыццё чалавека, краіны і свету наогул, як бы банальна гэта не гучала. Што датычыць тэатральнага мастацтва, то заўсёды модным будзе шчырасць і выразнасць. “Истинность страстей и правдоподобие чувствований в предполагаемых обстоятельствах, вот что требует наш ум…”, – пісаў у свой час Аляксандр Пушкін аб працы пісьменніка. Гэтае ж выказванне ўзяў на ўзбраенне і рэфарматар тэатральнай справы Станіслаўскі. Тое ж самае я паўтараю сваім студэнтам на занятках акцёрскім майстэрствам і рэжысурай у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе працую. І я лічу, што менавіта гэтым сёння можна здзівіць гледача.
    – Пра што твор, які быў узяты для пастаноўкі, і які тэатральны жанр быў выбраны для рэалізацыі задуманага?
    – Тэма і сюжэт рамана ў вершах “Маруся Чурай” узяты з рэальнага жыцця легендарнай песенніцы і паэткі Марусі Чурай, якая жыла ў 17 стагоддзі. У рамане апавядаецца пра жыццё ўкраінскіх гарадоў і вёсак перыяду вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага ад прымусовага акаталічвання Украіны. У рамане створана цудоўная галерэя народных воразаў, з якімі было цікава і лёгка працаваць, паколькі я сама нарадзілася ва Украіне ў Адэскай вобласці. Кампазіцыю я перарабляла некалькі разоў. Прэм’ерны выступ таксама па ходу мяняўся з улікам умоў, у якіх даводзілася паказваць гэты вершаспеў. Дарэчы, назва “вершаспеў” новая, выкарыстана ўпершыню. Не ведаю, ці можна казаць пра яе, як пра новы тэатральны жанр. Гэта пакажа час. Пакуль жа цеснае спляценне вершаў і песень падштурхнула нас да наватарства. Мы назвалі гэтую вечарыну ўкраінскай паэзіі не монаспектаклем, а вершаспевам.
    – Як узнікла ідэя стварэння спектакля?
    – Ідэю стварэння спектакля я выношвала даўно, калі яшчэ жыла ва Украіне, пры чым спектакля паўнавартаснага. Але на той час у мяне не было рэжысёрскай адукацыі і жыццёвага вопыту, таму пастаноўка адкладвалася. Да гісторыі пра трагічнае каханне Рыгора і Марусі не аднойчы звярталіся драматургі і дзеячы сцэны. Гэта і п’еса “Чары ці некалькі сцэн з народных былін і аповядаў украінскіх” Канстанціна Топаля, напісаная ў 1834 годзе, і п’еса Уладзіміра Аляксандрава “Не ходи Грицю, на вечорниці” (1873), і драма “Маруся Чурай” Міхайлы Старыцкага (1885), і драма Уладзіміра Самойленкі “Маруся Чураївна” (1895). Усё гэта былі спробы паказаць інтымны бок гэтай гісторыі. Аднак, не адзін з драматычных варыянтаў не заняў годнага месца ў рэпертуары тэатраў XIX стагодззя. У 1887 годзе цэнзура дазволіла публікаваць п’есу «Ой, не ходи Грицю, та й на вечорниці» Міхайла Старыцкага. У апошнім варыянце аўтар пераказаў гісторыю пра тое, што Марусю Чурай за атручванне казака асуджаюць на павешанне. У тым жа годзе п’еса ўпершыню была пастаўлена трупай Старыцкага і з таго часу ішла на сцэнах украінскіх тэатраў. Ва ўсе часы шмат хто з пісьменнікаў прысвячаў гэтай тэме свае творы. Напрыклад, Вольга Кабылянская “В неділю рано зілля копала”. І вось амаль праз ста гадоў цудоўная украінская паэтка Ліна Кастэнка стварыла сваю “Марусю Чурай”. У напісаным ёй гістарычным рамане не раздзяляецца асабістая гісторыя галоўнай гераіні і падзеі вызвольнай вайны, а наадварот падкрэсліваецца значнасць творчасці самабытнай паэткі, якая сваімі песнямі ўздымала дух украінскага казацтва.
    – Калі і дзе ўпершыню быў паказаны спектакль паводле твору Ліны Кастэнкі?
    – Спробы пастаноўкі рамана у вершах былі пасля яго публікацыі ў 1982 годзе. Праўда, аўтар раўніва ставілася да рознага кшталту паказаў і заўсёды была галоўным крытыкам і “мастацкай радай”, таму многія спектаклі не ўбачылі свет. У 1985 годзе на украінскім тэлебачанні ў Кіеве быў зняты цыкл перадач пра славутую песенніцу Марусю Чурай. У іх прымала ўдзел я, тады выпускніца тэатральнай студыі пры Кіеўскім акадэмічным тэатры імя Івана Франко. У мяне была роля Дарыны, сяброўкі Марусі, ролю якой так цудоўна выканала Народная артыстка Украіны Ніна Матвіенка.
    – Ведаю, што гэта была не адзіная тэатральная праца і ты шмат у якіх спектаклях іграла. Распавядзі крышачку пра сваю тэатральную біяграфію.
    – Пасля заканчэння тэатральнай студыі пры Нацыянальным дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Івана Франко я была прынята ў абласны музычна-драматычны тэатр імя Крапіўніцкага ў Кіраваградзе. Сыграла ролі: Міронні ў спектаклі “За двума зайцамі” Міхайла Старыцкага; Дуняшы ў пастаноўцы “Чырвоныя дзьяваляты” Міхайла Гусева; Надзейкі, Каці і яе дачкі у спектаклі “Забіць льва” Аляксандра Каламійца; Марыкі ў “Вольнай тэме” Уладзіміра Чхеідзе і ў іншых. На студыі Укртэлефільм знялася ў тэлевізійным фільме “Вечарніцы” у ролі Гарпіны. Працавала ў абласных музычна-драматычных тэатрах Жытоміра і Магадана. У Мінску ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” як рэжысёр паставіла спектаклі “Снежная каралева”, “Ёлка”, “12 месяцаў”, а на сцэне ТЮГа стварыла тэатралізаваны канцэрт “Як гэта было...”, прысвечаны шасцідзесяцігоддзю Перамогі. У 2004 годзе скончыла універсітэт культуры і як рэжысёр паставіла дыпломны спектакль па п’есе Гарсія Лоркі “Дом Бернарды Альбы” і сыграла ў ім ролю Бернарды Альбы.
    – Монаспектакль у тваёй акцёрскай і рэжысёрскай біяграфіі першы. Мне здаецца, што гэта няпросты жанр, але ўдзячны для акцёра. Складана было рыхтаваць яго адной?
    – Так, сапраўды, монаспектакль з аднаго боку для акцёра выйгрышны жанр, а з другога – складаны. Па-першае, ты знаходзішся на сцэне пастаянна і знаходзішся ў дыялогу з гледачом; па-другое, неабходна трымаць сваю ўвагу і ўвагу гледачоў, паколькі паўнацэнных дзеянняў не было, а быў дзейсны тэкст; па-трэцяе, я паспрабавала так пабудаваць кампазіцыю, каб была змена ўнутраных рытмаў, якія бы дапамаглі пераключыць гледача з адной падзеі на другую і такім чынам не стамляцца ад прагляду.
    – Асноўнае музычнае афармленне ў “Марусі Чурай” стварыла скрыпачка Святлана Уланоўская. Чаму менавіта скрыпка была выбрана для гэтага спектакля?
    – Скрыпка – гэта інструмент, які можа тонка і дакладна перадаць усе рухі чалавечай душы, а тым больш, жаночай. Калі я рыхтавалася да спектакля, то збіралася сама спяваць, без музычнага суправаджэння. Падзяліўшыся сваімі думкамі пра будучую пастаноўку са Святланай Уланоўскай, якая грае ў фальклорным гурце “Світанак”, я ўбачыла агеньчык у яе вачах і прапанавала ёй прыняць удзел у маім спектаклі, на што яна, як чалавек творчы, з задавальненнем пагадзілася. Вось і атрымаўся такі творчы тандэм.
    – Што можна сказаць пра песні, афармленне залы і касцюмы?
    – Песні, якія гучалі ў монаспектаклі, – гэта песні Марусі Чурай. Яны былі напісаны ў розны час і дашлі да нас. Іх перадавалі з пакаленняў у пакаленні як народны фальклор, але з агаворкай, што гэта песні Марусі Чурай. Афармленне залы – гэта ручнікі маёй бабулі, якія былі вытканы ёй амаль 80 гадоў таму. Што датычыць касцюмаў, то іх я шыла сваімі рукамі.
    – На прэм’еры было шмат гледачоў. Не страшна было, што не прыйдуць? Спектакль, усё ж, быў на ўкраінскай мове?
    – Так, былі такія хваляванні. Але ж на кожным мерапрыемстве паэтычнага тэатра Арт.С, дзе я чытаю ці спяваю, высвятляецца, што ў Беларусі пражывае шмат украінцаў і тых, хто разумее нашу мову. Да мяне заўсёды падыходзяць людзі і кажуць, што ім прыемна чуць украінскае слова. Нашы карані – украінскі і беларускія – цесна пераплецены. Нашы мовы падобныя і заўсёды мы будзем братамі-славянамі. А яшчэ вельмі важны аргумент – на спектаклі нашага тэатра – уваход вольны.
    – У рэпертуары тэатра “Зьніч” таксама ёсць такі спектакль. Не адчуваецца канкурэнцыі з Галінай Дзягілевай?
    – Працуючы над сваім спектаклем, я не пераследавала мэту канкурэнцыі са спектаклем Галіны Дзягілевай, які перакладзены на беларускую мову і ў якім практычна не гучаць песні Марусі Чурай. Да таго ж цэнтральнае месца ў пастаноўцы тэатра “Зьніч” займае любоўная тэма.
    – Людміла, над якім з вобразаў вершаспева было працаваць складаней, а над якім лягчэй?
    – Я б спытала, цікавей? Калі я рыхтавала свой выступ, то разумела, што тым і цяжкі монаспектакль, што неабходна адпрацаваць усе вобразы, так цудоўна выпісаныя Лінай Кастэнка. Сам тэкст твора дастаткова моцны па сэнсу і па энергетычным зарадзе. Вядома ж, праца над цэнтральным воразам Марусі прыносіла мне вялікае задавальненне як актрысе і як жанчыне, што перажыла ў жыцці здраду.
    – Звычайна ў Арт.С вечарыны не паўтараюцца. З вершаспевам “Дзяўчына з легенды” будзе інакш. Ёсць жаданне паказаць яго яшчэ раз, нешта ўдасканаліць, змяніць?
    – Безумоўна, ёсць жаданне паказаць гэты варыянт і іншы, бо ў маю кампазіцыю ўвайшла толькі палова таго, што было напісана аўтарам. Я буду рада, калі атрымаецца яшчэ раз выступіць не толькі на імправізаванай сцэне Арт.С, але і на іншых сцэнах горада, краіны. Такія прапановы ўжо паступаюць.
    – Пра планы, канечне, пытацца не зусім прынята, але ўсё ж, нейкія ідэі новых прац ужо ёсць?
    – Ідэі ёсць, але не заўсёды атрымліваецца здзейсніць іх, бо мая выкладчыцкая дзейнасць, якую я люблю і аддаюся напаўніцу, займае большую частку часу. Але ўсё ж, ёсць жаданне паставіць спектакль у адным з драматычных тэатраў. Гэта можа быць дзіцячая казка ці сур’езная драматургія. Ёсць таксама думкі па несапраўдных спектаклях на пляцоўцы Арт.С. Яны даўно выношваюцца. Спадзяюся, што ў гэтым годзе магчымасці супадуць з жаданнямі і наш глядач убачыць шмат цікавага на нашых вечарынах, куды я ўсіх з задавальненнем запрашаю.
Гутарыў Зміцер Арцюх
ЛіМ, №34, 27 жніўня 2010


Часопіс "Маладосць" (2009)

АРТ.С: ПАЭТЫКА СВАБОДЫ І БЫЦЦЯ
    Восеньская слота і халады падаюцца не такімі безнадзейна доўгім для тых, хто ведае: ужо чацвёрты год у Мінску, на пляцоўцы бібліятэкі імя Цёткі, збірае гледачоў на свае імпрэзы паэтычны тэатр Арт.С. "Восень і іншыя коткі" - вечарына, якой традыцыйна адкрываецца другая дзея сезону вечарын, прысвечаная катам. За вольналюбны нораў аддае перавагу гэтым сімпатычным жывёлам гаспадыня вечарыны - паэтка Аксана Спрынчан. Яна ж - дырэктарка паэтычнага тэатра. Ёсць у тэатра і дырэктар - паэт Зміцер Арцюх. У яго - свой традыцыйна-штогадовы праект "Стары Новы год у Цёткі", які распачынае сезон вечарын.
    Гэтыя імпрэзы дырэктар і дырэктарка вядуць разам, а ёсьць і цалкам асобныя праекты.
    Але галоўнае, што аб'ядноўвае індывідуальнае і супольнае ў тэатры - прага Свабоды. Адгукацца на ўсе праявы жыцця, без асцярогі дастаючы з душы найбольш шчырыя словы, найярчэйшыя вобразы! І ўсё дзеля таго, каб паэтызаваць жыццё вакол сябе, надаючы шэрай паўсядзённасці аблічча свята, і такім чынам сцвярджаць Свабоду быць у гэтым свеце Творцай!
    З коткай, якая заўсёды сама па сабе, міжволі параўноўваеш і дырэктарку Арт.С. Таму і пытанні да Аксаны Спрынчан - найперш пра свабоду.
    - Пераважная большасць удзельнікаў паэтычнага тэатра Арт.С - выхадцы з "Літаратурнага прадмесця", якім кіруе Людміла Рублеўская. Стварэнне ў 2007 годзе асобнага тэатра - натуральнае імкненне да самастойнасці ці барацьба з дэфіцытам творчай свабоды побач са старэйшымі творцамі?
    - Усё ж такі адразу ўдакладню: не "пераважная большасць", а палова. Хоць гэта ніяк не змяншае ролі "Літаратурнага прадмесця". Пры гэтым тэатр не процілеглае ўтварэнне паэтычнаму аб'яднанню, а паралельнае. Ні Людміла Рублеўская, ні Зьміцер Арцюх, ні я не забараняем удзельнічаць у мерапрыемствах адзін аднаго, а наадварот заўжды супрацоўнічаем, бо за доўгія гады сустрэчаў дакладна ведаем, каму можна даверыць той ці іншы выступ, хто уразіць гледачоў экстравагантнасцю, а хто сціпласцю, хто прыцягне філасафічнасцю, а хто лірыкай кахання. Кожны глядач, які прыходзіць у тэатр, шукае сябе у беларускай паэзіі і музыцы. І калі знойдзе, для яго стане бліжэй усё беларускае. Я - чалавек, які прагне не толькі аб'ядноўвацца, але і аб'ядноўваць, і пры гэтым заставацца па-за ўсімі аб'яднанямі. Мне ніколі не перашкаджалі ні старэйшыя творцы, ні маладзейшыя, я іх увогуле магу падзяляць, як заўгодна, апрача як паводле ўзросту. У тэатры і бард Наталля Пушкарова, і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч мне толькі дапамагаюць. Шчыра прызнацца, на мяне нават такое званне само па сабе ніяк не дзейнічае. Галоўнае, як Марыя Захарэвіч жыве вершамі…
    - Некаторыя кажуць, што ў назву тэатра пакладзеныя прозвішчы Арцюх і Спрынчан, іншыя расшыфроўваюць "Арт.С" як Артыстычная Свабода. Што самі артэсаўцы ўкладаюць і ў назву, і ў існасць свайго тэатра?
    - Безумоўна, без свабоды ў нашым тэатры ніяк, бо ён жа незвычайны - паэтычны. Паэзія, я лічу, найвышэйшая ступень свабоды. Мне вельмі падабаецца гісторыя адной паэткі, якая спачатку грала на піяніна, але гэта перашкаджала мужу, і ён забараніў. Яна стала маляваць, але пэндзлі і мальберт таксама перашкаджалі і былі забароненыя. Тады яна стала пісаць вершы, і гэтага муж проста не заўважыў. Творца заўважае паэзію душою і розумам. Да гэтага ж я імкнуся ў сваім тэатры. І калі бачу, што творца выступае абыякава, болей яго не запрашаю. Я цалкам згодная, што паэзія патрабуе самоты, але калі ты прыйшоў да гледачоў, расшыфруй "Арт.С" як артыстычнае свята, святло, сустрэча, сяброўства, сонца, супадзенне… Не толькі ў выступах, але і ў назве тэатра кожнаму дадзена знайсці сваё. Дарэчы, загадчыца бібліятэкі Цёткі і нашай галоўнай пляцоўкі Рэгіна Багамолава знайшла "Арт.Сябе", ужо ў тэатры распачаўшы пісаць вершы.
    - Паэтычны тэатр ладзіць "Несапраўдныя спектаклі". Цікавае азначэнне для тэатра! Якая ж дзейнасць яго ў такім разе - сапраўдная?
    - Дзейнасць уся сапраўдная, а назвы і падзагалоўкі творчыя, арыгінальныя. Мы заўсёды ў пошуку, і без натхнення нічога не робім. "Паўлінка, яе ўнук Сымон, сустрэча праз гады", "Ну й "Залёты" ў "Пінскай шляхты", "Нібы ў Міцкевічавым сне" - гэта класіка праз прызму "Арт.С".
    - Дзейнасць тэатра не абмяжоўваецца толькі выступамі на галоўнай пляцоўцы ў бібліятэцы Цёткі і нават толькі межамі Мінска…
    - Ну, абмежаваць паэтычны тэатр немагчыма. Ён не феміністычны, і таму ад Цёткі мы перыядычна збягаем да Максіма Багдановіча ў Траецкае прадмесце. А ўлетку, дзякуючы таму, што галоўны музыка тэатра Яраш Малішэўскі яшчэ і гісторык паводле адукацыі, паўстала зусім новая форма: гастролі-экскурсія. Так мы з'ездзілі ў Наваградак і на возера Свіцязь, выступілі ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. Ёсць і супольныя праекты Арт.С і Сацыяльнага аддзела Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, ладзім выступы пры царкве Усіх Тужлівых Радасць, на Вербным, Пакроўскім і Калядных кірмашах, выязджалі ў вёску Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна.
    - Якія праекты са здзейсненных, на твой погляд, найбольш удалыя? Што хочацца здзейсніць, а што - хочацца, але падаецца нерэальным?
    - Незвычайна ўдалым атрымаўся задыякальна-паэтычны праект "12 сузор'яў", калі цэлы год са снежня 2007 па лістапад 2008 мы штомесяц рабілі вечарыну, прысвечаную пэўнаму знаку задыяка. Дзе яшчэ калі-небудзь збіраліся разам 12 магутных Львоў, ці Рыбаў, якія не могуць маўчаць, ці яшчэ лепей Скарпіёнаў… А ў "Арт.С" у гэтым праекце выступіла больш за 100 чалавек, тэатральны сезон нават не заканчваўся. Калі ёсць ахвота, няма нічога нерэальнага. У 2009 годзе мы распачалі і 12-гадовы праект "Святкуйма Беларускае!" Ствараем каляндар, хочацца жыць паводле свайго, а не ўсходняга. 2009 год мы абвесцілі Годам Багоўкі, а 2010 будзе Годам Зялёнай Жабкі. Святкуйце і жывіце разам з паэтычным тэатрам "Арт.С" (art-s.by). А таксама чакайце цудаў - 7, менавіта такі праект, "Сем цудаў Беларусі", распачнецца ў лютым 2010...
    - Што ж, калі ў адказе на пытанне пра планы азначэнне "нерэальныя" проста ігнаруецца, няхай свабода быць смелымі і дзёрзкімі вядзе да новых вяршыняў! Няхай збудзецца ўсё запланаванае ў новым годзе пад крумканне Зялёнай Жабкі!
    "АРТ.С у заўсёдным пошуку кода натхнення. Адна з апошніх вечарын адыходзячага года - "Шарая гадзіна" дызайнера Святланы Длатоўскай. Задача дызайнера - праз сучасныя строі, створаныя па матывах беларускіх народных або вялікасвецкіх убораў, перадаць паэтыку штодзённага жыцця, занатаваную ў адзенні. Задачай "артэсаўцаў" было - апаэтызаваць дызайнерскія работы. Так з'явіліся назвы строяў: "На белым пялёстку", "Беларуская шыпшына", "Згадка пра Уршулю Радзівіл", "Ябланевы цвет"…
Гутарыла Алена Масла
Маладосць, №12, 2009


2011   2010   2009   2008