СМІ пра нас

2010   2009   2008

Газета "Літаратура і мастацтва" (2010) (lim.by)

ВЕРШАСПЕЎ ПА-ЎКРАІНСКУ

    Паэтычны тэатр Арт.С падрыхтаваў незвычайную і нетрадыцыйную пастаноўку. На галоўнай пляцоўцы – у бібліятэцы Цёткі адбылася прэм’ера вершаспева “Дзяўчына з легенды”. Гэта монаспектакль паводле паэмы ў вершах “Маруся Чурай” вядомай украінскай паэткі Ліны Кастэнка. Аўтар ідэі, рэжысёр і выканаўца – актрыса Людміла Баяўчук. Яна распавядае чытачам “ЛіМа” пра стварэнне спектакля.
    – Пра “Дзяўчыну з легенды” можна сказаць – псіхалагічны спектакль. Ён ідзе больш за гадзіну і ўвесь гэты час трымае гледачоў у напружанні. На першы погляд – спектакль не модны, бо сённяшнюю сцэну запаланіла лёгкая, прымітыўная і пашлаватая камедыя. Але калі падумаць пра сэнс тэатральнай творчасці, то менавіта такія пастаноўкі павінны сёння быць. Яны прымушаюць чалавека думаць і памятаць аб вернасці, каханні, дабрыні. Гэта маё асабістае меркаванне. Людміла, ты яго падзяляеш?
    – Я не толькі яго падзяляю, я лічу, што і каханне, і вернасць, і патрыятызм – гэта тыя кіты, на якіх трымаецца жыццё чалавека, краіны і свету наогул, як бы банальна гэта не гучала. Што датычыць тэатральнага мастацтва, то заўсёды модным будзе шчырасць і выразнасць. “Истинность страстей и правдоподобие чувствований в предполагаемых обстоятельствах, вот что требует наш ум…”, – пісаў у свой час Аляксандр Пушкін аб працы пісьменніка. Гэтае ж выказванне ўзяў на ўзбраенне і рэфарматар тэатральнай справы Станіслаўскі. Тое ж самае я паўтараю сваім студэнтам на занятках акцёрскім майстэрствам і рэжысурай у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, дзе працую. І я лічу, што менавіта гэтым сёння можна здзівіць гледача.
    – Пра што твор, які быў узяты для пастаноўкі, і які тэатральны жанр быў выбраны для рэалізацыі задуманага?
    – Тэма і сюжэт рамана ў вершах “Маруся Чурай” узяты з рэальнага жыцця легендарнай песенніцы і паэткі Марусі Чурай, якая жыла ў 17 стагоддзі. У рамане апавядаецца пра жыццё ўкраінскіх гарадоў і вёсак перыяду вызваленчай вайны пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага ад прымусовага акаталічвання Украіны. У рамане створана цудоўная галерэя народных воразаў, з якімі было цікава і лёгка працаваць, паколькі я сама нарадзілася ва Украіне ў Адэскай вобласці. Кампазіцыю я перарабляла некалькі разоў. Прэм’ерны выступ таксама па ходу мяняўся з улікам умоў, у якіх даводзілася паказваць гэты вершаспеў. Дарэчы, назва “вершаспеў” новая, выкарыстана ўпершыню. Не ведаю, ці можна казаць пра яе, як пра новы тэатральны жанр. Гэта пакажа час. Пакуль жа цеснае спляценне вершаў і песень падштурхнула нас да наватарства. Мы назвалі гэтую вечарыну ўкраінскай паэзіі не монаспектаклем, а вершаспевам.
    – Як узнікла ідэя стварэння спектакля?
    – Ідэю стварэння спектакля я выношвала даўно, калі яшчэ жыла ва Украіне, пры чым спектакля паўнавартаснага. Але на той час у мяне не было рэжысёрскай адукацыі і жыццёвага вопыту, таму пастаноўка адкладвалася. Да гісторыі пра трагічнае каханне Рыгора і Марусі не аднойчы звярталіся драматургі і дзеячы сцэны. Гэта і п’еса “Чары ці некалькі сцэн з народных былін і аповядаў украінскіх” Канстанціна Топаля, напісаная ў 1834 годзе, і п’еса Уладзіміра Аляксандрава “Не ходи Грицю, на вечорниці” (1873), і драма “Маруся Чурай” Міхайлы Старыцкага (1885), і драма Уладзіміра Самойленкі “Маруся Чураївна” (1895). Усё гэта былі спробы паказаць інтымны бок гэтай гісторыі. Аднак, не адзін з драматычных варыянтаў не заняў годнага месца ў рэпертуары тэатраў XIX стагодззя. У 1887 годзе цэнзура дазволіла публікаваць п’есу «Ой, не ходи Грицю, та й на вечорниці» Міхайла Старыцкага. У апошнім варыянце аўтар пераказаў гісторыю пра тое, што Марусю Чурай за атручванне казака асуджаюць на павешанне. У тым жа годзе п’еса ўпершыню была пастаўлена трупай Старыцкага і з таго часу ішла на сцэнах украінскіх тэатраў. Ва ўсе часы шмат хто з пісьменнікаў прысвячаў гэтай тэме свае творы. Напрыклад, Вольга Кабылянская “В неділю рано зілля копала”. І вось амаль праз ста гадоў цудоўная украінская паэтка Ліна Кастэнка стварыла сваю “Марусю Чурай”. У напісаным ёй гістарычным рамане не раздзяляецца асабістая гісторыя галоўнай гераіні і падзеі вызвольнай вайны, а наадварот падкрэсліваецца значнасць творчасці самабытнай паэткі, якая сваімі песнямі ўздымала дух украінскага казацтва.
    – Калі і дзе ўпершыню быў паказаны спектакль паводле твору Ліны Кастэнкі?
    – Спробы пастаноўкі рамана у вершах былі пасля яго публікацыі ў 1982 годзе. Праўда, аўтар раўніва ставілася да рознага кшталту паказаў і заўсёды была галоўным крытыкам і “мастацкай радай”, таму многія спектаклі не ўбачылі свет. У 1985 годзе на украінскім тэлебачанні ў Кіеве быў зняты цыкл перадач пра славутую песенніцу Марусю Чурай. У іх прымала ўдзел я, тады выпускніца тэатральнай студыі пры Кіеўскім акадэмічным тэатры імя Івана Франко. У мяне была роля Дарыны, сяброўкі Марусі, ролю якой так цудоўна выканала Народная артыстка Украіны Ніна Матвіенка.
    – Ведаю, што гэта была не адзіная тэатральная праца і ты шмат у якіх спектаклях іграла. Распавядзі крышачку пра сваю тэатральную біяграфію.
    – Пасля заканчэння тэатральнай студыі пры Нацыянальным дзяржаўным акадэмічным тэатры імя Івана Франко я была прынята ў абласны музычна-драматычны тэатр імя Крапіўніцкага ў Кіраваградзе. Сыграла ролі: Міронні ў спектаклі “За двума зайцамі” Міхайла Старыцкага; Дуняшы ў пастаноўцы “Чырвоныя дзьяваляты” Міхайла Гусева; Надзейкі, Каці і яе дачкі у спектаклі “Забіць льва” Аляксандра Каламійца; Марыкі ў “Вольнай тэме” Уладзіміра Чхеідзе і ў іншых. На студыі Укртэлефільм знялася ў тэлевізійным фільме “Вечарніцы” у ролі Гарпіны. Працавала ў абласных музычна-драматычных тэатрах Жытоміра і Магадана. У Мінску ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Эўрыка” як рэжысёр паставіла спектаклі “Снежная каралева”, “Ёлка”, “12 месяцаў”, а на сцэне ТЮГа стварыла тэатралізаваны канцэрт “Як гэта было...”, прысвечаны шасцідзесяцігоддзю Перамогі. У 2004 годзе скончыла універсітэт культуры і як рэжысёр паставіла дыпломны спектакль па п’есе Гарсія Лоркі “Дом Бернарды Альбы” і сыграла ў ім ролю Бернарды Альбы.
    – Монаспектакль у тваёй акцёрскай і рэжысёрскай біяграфіі першы. Мне здаецца, што гэта няпросты жанр, але ўдзячны для акцёра. Складана было рыхтаваць яго адной?
    – Так, сапраўды, монаспектакль з аднаго боку для акцёра выйгрышны жанр, а з другога – складаны. Па-першае, ты знаходзішся на сцэне пастаянна і знаходзішся ў дыялогу з гледачом; па-другое, неабходна трымаць сваю ўвагу і ўвагу гледачоў, паколькі паўнацэнных дзеянняў не было, а быў дзейсны тэкст; па-трэцяе, я паспрабавала так пабудаваць кампазіцыю, каб была змена ўнутраных рытмаў, якія бы дапамаглі пераключыць гледача з адной падзеі на другую і такім чынам не стамляцца ад прагляду.
    – Асноўнае музычнае афармленне ў “Марусі Чурай” стварыла скрыпачка Святлана Уланоўская. Чаму менавіта скрыпка была выбрана для гэтага спектакля?
    – Скрыпка – гэта інструмент, які можа тонка і дакладна перадаць усе рухі чалавечай душы, а тым больш, жаночай. Калі я рыхтавалася да спектакля, то збіралася сама спяваць, без музычнага суправаджэння. Падзяліўшыся сваімі думкамі пра будучую пастаноўку са Святланай Уланоўскай, якая грае ў фальклорным гурце “Світанак”, я ўбачыла агеньчык у яе вачах і прапанавала ёй прыняць удзел у маім спектаклі, на што яна, як чалавек творчы, з задавальненнем пагадзілася. Вось і атрымаўся такі творчы тандэм.
    – Што можна сказаць пра песні, афармленне залы і касцюмы?
    – Песні, якія гучалі ў монаспектаклі, – гэта песні Марусі Чурай. Яны былі напісаны ў розны час і дашлі да нас. Іх перадавалі з пакаленняў у пакаленні як народны фальклор, але з агаворкай, што гэта песні Марусі Чурай. Афармленне залы – гэта ручнікі маёй бабулі, якія былі вытканы ёй амаль 80 гадоў таму. Што датычыць касцюмаў, то іх я шыла сваімі рукамі.
    – На прэм’еры было шмат гледачоў. Не страшна было, што не прыйдуць? Спектакль, усё ж, быў на ўкраінскай мове?
    – Так, былі такія хваляванні. Але ж на кожным мерапрыемстве паэтычнага тэатра Арт.С, дзе я чытаю ці спяваю, высвятляецца, што ў Беларусі пражывае шмат украінцаў і тых, хто разумее нашу мову. Да мяне заўсёды падыходзяць людзі і кажуць, што ім прыемна чуць украінскае слова. Нашы карані – украінскі і беларускія – цесна пераплецены. Нашы мовы падобныя і заўсёды мы будзем братамі-славянамі. А яшчэ вельмі важны аргумент – на спектаклі нашага тэатра – уваход вольны.
    – У рэпертуары тэатра “Зьніч” таксама ёсць такі спектакль. Не адчуваецца канкурэнцыі з Галінай Дзягілевай?
    – Працуючы над сваім спектаклем, я не пераследавала мэту канкурэнцыі са спектаклем Галіны Дзягілевай, які перакладзены на беларускую мову і ў якім практычна не гучаць песні Марусі Чурай. Да таго ж цэнтральнае месца ў пастаноўцы тэатра “Зьніч” займае любоўная тэма.
    – Людміла, над якім з вобразаў вершаспева было працаваць складаней, а над якім лягчэй?
    – Я б спытала, цікавей? Калі я рыхтавала свой выступ, то разумела, што тым і цяжкі монаспектакль, што неабходна адпрацаваць усе вобразы, так цудоўна выпісаныя Лінай Кастэнка. Сам тэкст твора дастаткова моцны па сэнсу і па энергетычным зарадзе. Вядома ж, праца над цэнтральным воразам Марусі прыносіла мне вялікае задавальненне як актрысе і як жанчыне, што перажыла ў жыцці здраду.
    – Звычайна ў Арт.С вечарыны не паўтараюцца. З вершаспевам “Дзяўчына з легенды” будзе інакш. Ёсць жаданне паказаць яго яшчэ раз, нешта ўдасканаліць, змяніць?
    – Безумоўна, ёсць жаданне паказаць гэты варыянт і іншы, бо ў маю кампазіцыю ўвайшла толькі палова таго, што было напісана аўтарам. Я буду рада, калі атрымаецца яшчэ раз выступіць не толькі на імправізаванай сцэне Арт.С, але і на іншых сцэнах горада, краіны. Такія прапановы ўжо паступаюць.
    – Пра планы, канечне, пытацца не зусім прынята, але ўсё ж, нейкія ідэі новых прац ужо ёсць?
    – Ідэі ёсць, але не заўсёды атрымліваецца здзейсніць іх, бо мая выкладчыцкая дзейнасць, якую я люблю і аддаюся напаўніцу, займае большую частку часу. Але ўсё ж, ёсць жаданне паставіць спектакль у адным з драматычных тэатраў. Гэта можа быць дзіцячая казка ці сур’езная драматургія. Ёсць таксама думкі па несапраўдных спектаклях на пляцоўцы Арт.С. Яны даўно выношваюцца. Спадзяюся, што ў гэтым годзе магчымасці супадуць з жаданнямі і наш глядач убачыць шмат цікавага на нашых вечарынах, куды я ўсіх з задавальненнем запрашаю.
Гутарыў Зміцер Арцюх
ЛіМ, №34, 27 жніўня 2010


Часопіс "Маладосць" (2009)

АРТ.С: ПАЭТЫКА СВАБОДЫ І БЫЦЦЯ
    Восеньская слота і халады падаюцца не такімі безнадзейна доўгім для тых, хто ведае: ужо чацвёрты год у Мінску, на пляцоўцы бібліятэкі імя Цёткі, збірае гледачоў на свае імпрэзы паэтычны тэатр Арт.С. "Восень і іншыя коткі" - вечарына, якой традыцыйна адкрываецца другая дзея сезону вечарын, прысвечаная катам. За вольналюбны нораў аддае перавагу гэтым сімпатычным жывёлам гаспадыня вечарыны - паэтка Аксана Спрынчан. Яна ж - дырэктарка паэтычнага тэатра. Ёсць у тэатра і дырэктар - паэт Зміцер Арцюх. У яго - свой традыцыйна-штогадовы праект "Стары Новы год у Цёткі", які распачынае сезон вечарын.
    Гэтыя імпрэзы дырэктар і дырэктарка вядуць разам, а ёсьць і цалкам асобныя праекты.
    Але галоўнае, што аб'ядноўвае індывідуальнае і супольнае ў тэатры - прага Свабоды. Адгукацца на ўсе праявы жыцця, без асцярогі дастаючы з душы найбольш шчырыя словы, найярчэйшыя вобразы! І ўсё дзеля таго, каб паэтызаваць жыццё вакол сябе, надаючы шэрай паўсядзённасці аблічча свята, і такім чынам сцвярджаць Свабоду быць у гэтым свеце Творцай!
    З коткай, якая заўсёды сама па сабе, міжволі параўноўваеш і дырэктарку Арт.С. Таму і пытанні да Аксаны Спрынчан - найперш пра свабоду.
    - Пераважная большасць удзельнікаў паэтычнага тэатра Арт.С - выхадцы з "Літаратурнага прадмесця", якім кіруе Людміла Рублеўская. Стварэнне ў 2007 годзе асобнага тэатра - натуральнае імкненне да самастойнасці ці барацьба з дэфіцытам творчай свабоды побач са старэйшымі творцамі?
    - Усё ж такі адразу ўдакладню: не "пераважная большасць", а палова. Хоць гэта ніяк не змяншае ролі "Літаратурнага прадмесця". Пры гэтым тэатр не процілеглае ўтварэнне паэтычнаму аб'яднанню, а паралельнае. Ні Людміла Рублеўская, ні Зьміцер Арцюх, ні я не забараняем удзельнічаць у мерапрыемствах адзін аднаго, а наадварот заўжды супрацоўнічаем, бо за доўгія гады сустрэчаў дакладна ведаем, каму можна даверыць той ці іншы выступ, хто уразіць гледачоў экстравагантнасцю, а хто сціпласцю, хто прыцягне філасафічнасцю, а хто лірыкай кахання. Кожны глядач, які прыходзіць у тэатр, шукае сябе у беларускай паэзіі і музыцы. І калі знойдзе, для яго стане бліжэй усё беларускае. Я - чалавек, які прагне не толькі аб'ядноўвацца, але і аб'ядноўваць, і пры гэтым заставацца па-за ўсімі аб'яднанямі. Мне ніколі не перашкаджалі ні старэйшыя творцы, ні маладзейшыя, я іх увогуле магу падзяляць, як заўгодна, апрача як паводле ўзросту. У тэатры і бард Наталля Пушкарова, і народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч мне толькі дапамагаюць. Шчыра прызнацца, на мяне нават такое званне само па сабе ніяк не дзейнічае. Галоўнае, як Марыя Захарэвіч жыве вершамі…
    - Некаторыя кажуць, што ў назву тэатра пакладзеныя прозвішчы Арцюх і Спрынчан, іншыя расшыфроўваюць "Арт.С" як Артыстычная Свабода. Што самі артэсаўцы ўкладаюць і ў назву, і ў існасць свайго тэатра?
    - Безумоўна, без свабоды ў нашым тэатры ніяк, бо ён жа незвычайны - паэтычны. Паэзія, я лічу, найвышэйшая ступень свабоды. Мне вельмі падабаецца гісторыя адной паэткі, якая спачатку грала на піяніна, але гэта перашкаджала мужу, і ён забараніў. Яна стала маляваць, але пэндзлі і мальберт таксама перашкаджалі і былі забароненыя. Тады яна стала пісаць вершы, і гэтага муж проста не заўважыў. Творца заўважае паэзію душою і розумам. Да гэтага ж я імкнуся ў сваім тэатры. І калі бачу, што творца выступае абыякава, болей яго не запрашаю. Я цалкам згодная, што паэзія патрабуе самоты, але калі ты прыйшоў да гледачоў, расшыфруй "Арт.С" як артыстычнае свята, святло, сустрэча, сяброўства, сонца, супадзенне… Не толькі ў выступах, але і ў назве тэатра кожнаму дадзена знайсці сваё. Дарэчы, загадчыца бібліятэкі Цёткі і нашай галоўнай пляцоўкі Рэгіна Багамолава знайшла "Арт.Сябе", ужо ў тэатры распачаўшы пісаць вершы.
    - Паэтычны тэатр ладзіць "Несапраўдныя спектаклі". Цікавае азначэнне для тэатра! Якая ж дзейнасць яго ў такім разе - сапраўдная?
    - Дзейнасць уся сапраўдная, а назвы і падзагалоўкі творчыя, арыгінальныя. Мы заўсёды ў пошуку, і без натхнення нічога не робім. "Паўлінка, яе ўнук Сымон, сустрэча праз гады", "Ну й "Залёты" ў "Пінскай шляхты", "Нібы ў Міцкевічавым сне" - гэта класіка праз прызму "Арт.С".
    - Дзейнасць тэатра не абмяжоўваецца толькі выступамі на галоўнай пляцоўцы ў бібліятэцы Цёткі і нават толькі межамі Мінска…
    - Ну, абмежаваць паэтычны тэатр немагчыма. Ён не феміністычны, і таму ад Цёткі мы перыядычна збягаем да Максіма Багдановіча ў Траецкае прадмесце. А ўлетку, дзякуючы таму, што галоўны музыка тэатра Яраш Малішэўскі яшчэ і гісторык паводле адукацыі, паўстала зусім новая форма: гастролі-экскурсія. Так мы з'ездзілі ў Наваградак і на возера Свіцязь, выступілі ў Доме-музеі Адама Міцкевіча. Ёсць і супольныя праекты Арт.С і Сацыяльнага аддзела Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы, ладзім выступы пры царкве Усіх Тужлівых Радасць, на Вербным, Пакроўскім і Калядных кірмашах, выязджалі ў вёску Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна.
    - Якія праекты са здзейсненных, на твой погляд, найбольш удалыя? Што хочацца здзейсніць, а што - хочацца, але падаецца нерэальным?
    - Незвычайна ўдалым атрымаўся задыякальна-паэтычны праект "12 сузор'яў", калі цэлы год са снежня 2007 па лістапад 2008 мы штомесяц рабілі вечарыну, прысвечаную пэўнаму знаку задыяка. Дзе яшчэ калі-небудзь збіраліся разам 12 магутных Львоў, ці Рыбаў, якія не могуць маўчаць, ці яшчэ лепей Скарпіёнаў… А ў "Арт.С" у гэтым праекце выступіла больш за 100 чалавек, тэатральны сезон нават не заканчваўся. Калі ёсць ахвота, няма нічога нерэальнага. У 2009 годзе мы распачалі і 12-гадовы праект "Святкуйма Беларускае!" Ствараем каляндар, хочацца жыць паводле свайго, а не ўсходняга. 2009 год мы абвесцілі Годам Багоўкі, а 2010 будзе Годам Зялёнай Жабкі. Святкуйце і жывіце разам з паэтычным тэатрам "Арт.С" (art-s.by). А таксама чакайце цудаў - 7, менавіта такі праект, "Сем цудаў Беларусі", распачнецца ў лютым 2010...
    - Што ж, калі ў адказе на пытанне пра планы азначэнне "нерэальныя" проста ігнаруецца, няхай свабода быць смелымі і дзёрзкімі вядзе да новых вяршыняў! Няхай збудзецца ўсё запланаванае ў новым годзе пад крумканне Зялёнай Жабкі!
    "АРТ.С у заўсёдным пошуку кода натхнення. Адна з апошніх вечарын адыходзячага года - "Шарая гадзіна" дызайнера Святланы Длатоўскай. Задача дызайнера - праз сучасныя строі, створаныя па матывах беларускіх народных або вялікасвецкіх убораў, перадаць паэтыку штодзённага жыцця, занатаваную ў адзенні. Задачай "артэсаўцаў" было - апаэтызаваць дызайнерскія работы. Так з'явіліся назвы строяў: "На белым пялёстку", "Беларуская шыпшына", "Згадка пра Уршулю Радзівіл", "Ябланевы цвет"…
Гутарыла Алена Масла
Маладосць, №12, 2009


2010   2009   2008