Нарач
Нарач (maps.google.ru)

Нясвіжскі палац
Нясвіжскі палац

Сафійскі сабор
Сафійскі сабор

 
Сем цудаў Беларусі

Вандроўна-эстэтычны праект паэтычнага тэатра Арт.С. Пачатак - люты 2010 года. Гэта сем вечарын пра найбольш адметныя і каштоўныя цуды Беларусі: Сафійскі сабор, Нясвіжскі палац, возера Нарач, балоты, раку Нёман, Мірскі замак, Белавежскую пушчу. Жаданне ладзіць нейкі праект выказаў Яраш Малішэўскі. Ідэю праекта прыдумаў Зміцер Арцюх. Разам з Аксанай Спрынчан яны выбралі цуды, вызначыліся з ходам вечарын. Аксана Спрынчан выступіла аўтарам сцэнараў і адказнай за рэалізацыю праекта. Вядоўцы: Аксана Спрынчан і Вадзім Клімовіч. Пастаянны гід - Яраш Малішэўскі.

Сустрэча трэцяя: Нарач (2010) (фота)
  Нарач — трэці цуд паводле тэатра Арт.С — найбольшае возера Беларусі і найвялікшае люстра беларускіх нябёсаў. Нарач на мапе падобная да сэрца. Сэрцам вечарыны была ўраджэнка Нарочча народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, якая сваю хату ў нарачанскім краі не прадасць і за мільёны даляраў. Яе выкананне вершаў народнага паэта Беларусі Максіма Танка было сапраўды вельмі сардэчным.
  Тацяна Барысюк распавяла пра працу над падрыхтоўкай да друку Збора твораў Максіма Танка, які шмат сваіх твораў прысвяціў возеру Нарач.
  Малады нарачанскі паэт Рагнед Малахоўскі прысвяціў сваёй малой радзіме грунтоўны энцыклапедычна-паэтычны даклад. А нарачанец Мікола Шабовіч са сваім сябрам Дзмітром Пятровічам унеслі лірычна-песенную плынь у вечарыну.
  Пісьменнік, культурны і грамадскі дзеяч Анатоль Бутэвіч распавёў пра сваю любоў да Нарачы, якая адыграла вызначальную ролю ў ягоным жыцці — у Нарачанскім краі нарадзілася ягоная цудоўная жонка.
  Вельмі цікавым стаўся і выступ Юрася Пацюпы, сапраўднага мараніста, бо ён яшчэ толькі марыць пабываць на Нарачы.
  Гітарныя ўводзіны і выводзіны з вандроўкі Юрася Шышко былі лёгкія, як хвалі Нарачы.
  А Яраш Малішэўскі, галоўная асоба праекта "Сем цудаў Беларусі", натхнёна-гістарычна распавядаў пра вабноты Нарочча, пра тыя мясціны, куды варта з’ездзіць адпачыць, каб вярнуцца да працы на карысць Беларусі. Практыканты Вадзім Клімовіч і Аксана Спрынчан з натхненнем яму дапамагалі, і гледачам удалося адпачыць, далёка не ад’язджаючы ад хаты.

Сустрэча другая: Нясвіжскі палац (2010) (фота)
  Нясвіж — радавая калыска князёў Радзівілаў. Што і казаць, не ва ўсіх у калысках замкі ёсць, вялікія і прыгожыя. А якая творчая гэтая калыска. Разгарніце энцыклапедыю і пабачыце там асобнымі артыкуламі: Нясвіжскі тэатр Радзівілаў, Нясвіжскія паясы, Нясвіжская балетная школа, Нясвіжкая друкарня, Нясвіжская капэла Радзівілаў, Нясвіжская музычная школа… Але нясвіжскае — гэта не адно тое, што раней было. На другім цудзе Беларусі выступіў Анатоль Бутэвіч — аўтар кніг для дзяцей серыі "Сем цудаў Беларусі". У кожнага могуць быць свае 7 цудаў. Але гледачы ўпэўніліся, што Нясвіжскі замак — цуд і для Анатоля Бутэвіча, які нарадзіўся на Нясвіжчыне.
  Чорная панна, якая блукае па Нясвіжскім парку, вядомая ўсім. Але ёсць яшчэ адна красуня, якая часам блукае па Нясвіжы, дабіраючыся да яго аўтаспынам. Красуня, якая прыцягвае нашыя сэрцы сваім голасам, — Наталя Пушкарова. Яна сыграла ролю Чорнай панны вечарыны.
  Творчая сям’я, якую можна назваць тэатрам двух актораў: Міраслава Навіш і Вальжына Прохарава. Яны з поўным правам маглі б выступаць у часы росквіту Нясвіжскага замку, але пашанцавала тым, хто прыйшоў на другі цуд Беларусі.
  Не ўсе гісторыі, звязаныя з Нясвіжам сумна-рамантычныя, ёсць і вясёлыя, аптымістычныя. Іх і расказаў Віктар Шніп, які ў часы вучобы ў архітэктурна-будаўнічым тэхнікуме ўнёс свой уклад у будаўніцтва Нясвіжа.
  Галоўны гід праекта, адзін з найлепшых гідаў Беларусі Яраш Малішэўскі распавёў безліч легендаў і паданняў з жыцця Нясвіжа і выканаў песню праекта "Беларусь — як цуд".
  А ягоныя практыканты Вадзім Клімовіч і Аксана Спрынчан самі сядзелі і заварожана слухалі настаўніка. І ўсё ж такі час ад часу ўмудраліся пазнаёміць гледачоў з цікавай творчай асобай сучаснасці.
  Гітарныя ўводзіны ў вандроўку і выводзіны з яе Юрася Шышко былі надзвычай шляхотныя.
  Гледачы былі ўражаныя віртуальна-творчай вандроўкай і казалі, што абавязкова паедуць у наступны раз адпачываць на Нарач. Што ж адбылося два цуды, чакацьмем трэці.

Сустрэча першая: Сафійскі сабор (2010) (фота)
  Полацк — першая сталіца Беларускае дзяржавы. Паводле Вацлава Ластоўскага — цэнтр найстаражытнейшай цывілізацыі, сувымяральнай паводле ўзросту з егіпецкай або шумерскай. Таму і нядзіўна, што праект "Сем цудаў Беларусі" пачаўся менавіта з Полацкай Сафіі.
  На першым цудзе выступалі народжаныя каля Сафіі: Навум Гальпяровіч і Пятро Васючэнка, дзякуючы якім усе ўпэўніліся, што, як пісаў Рыгор Барадулін, "ёсць полацкі менталітэт".
  У перакладзе з мовы старажытнага Крыту "лабірынт" азначае "сякера, вострая з абодвух бакоў". Творцы, што нарадзіліся над полацкімі лабірынтамі, каля Сафіі — вострыя і таленавітыя з усіх бакоў. Тут былі пацверджэннем не толькі старэйшыя палачане, але і Юрась Пацюпа, які таксама нарадзіўся каля Сафіі.
  Як аказалася, не меней любяць Сафію і натхнёныя ёю. На мове беларускай дуды, якая гучала і над Палатой, і над Дзвіной, і над возерам Няшчарда, граў Зміцер Сідаровіч.
  А вось улюбёны, як і Сафія, у арган Вадзім Спрынчан чытаў духоўныя вершы. Ягоны голас гучаў гэтак жа магутна і магічна, як і голас улюбёнага інструмента.
  Пра Еўфрасінню Полацкую расказала Валянціна Коўтун. Яна ж, як Старшыня Усебеларускага жаночага фонду святой Еўфрасінні Полацкай, распавяла пра дзейнасць арганізацыі.
  Значнасць і сімвалічнасць Полацка для беларускай культуры адзначыла і Людміла Рублеўская, яе глыбокі выступ нібыта абагульніў усіх выступоўцаў.
  Непараўнальна вёў віртуальную экскурсію галоўны гід праекта "Сем цудаў Беларусі" Яраш Малішэўскі. Ён жа выканаў на развітанне і песню праекта "Беларусь — як цуд".
  Эксурсія была незвычайная яшчэ і тым, што гіду дапамагалі практыканты Аксана Спрынчан і Вадзім Клімовіч, уводзячы ў гістарычны экскурс жывых творцаў.
  У вандроўку, як і абяцалася, былі гітарныя ўводзіны і выводзіны ў выкананні Юрася Шышко.
  Было так утульна, што Пятро Васючэнка пасля вечарыны прызнаўся, што нібыта пабываў дома, у Полацку.