![]() Адам Міцкевіч ![]() Марыля Верашчака ![]() Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч |
Несапраўдныя спектаклі
Нібы ў Міцкевічавым сне (2008) паўтор
13 снежня ў Мінскай дзяржаўнай гімназіі-каледжы мастацтваў адбыўся паказ несапраўднага спектакля "Нібы ў Міцкевічавым сне". Галоўныя ролі выканалі: апавядальнік Зміцер Арцюх, Адам Міцкевіч – Вадзім Клімовіч, Мікола Кандратаў, Марыля Верашчака – Людміла Баяўчук. Графіня Храптовіч – Рэгіна Багамолава. Іншы склад выступоўцаў быў зменены. Малых Адама і Марылю выканалі навучэнцы гімназіі Антон Малаток і Кацярына Лаўрык. Марыляй сярэдняга ўзросту была настаўніца беларускай мовы Наталля Лазарчык. У несапраўдным спекталі з’явілася маці Адама – Барбара Маеўская. Яе ролю выканала настаўніца Святлана Еўдакіменка. Несапраўдны спектакль быў дапоўнены харэаграфічным нумарам танцавальнага калектыву “Акварэль” (харэограф – Святлана Свірыдава), алегарычнай замалёўкай "Свіцязянка" (рэжысёр Алена Сауніна-Гойка). Словы ад аўтара чытала Святлана Еўдакіменка, Паляўнічым быў Віктар Іваноў, Свіцязянкай – Ганна Гегель. Нібы ў Міцкевічавым сне (2008) прэм’ера (фота) Паэтычны тэатр "Арт.С" праводзіць серыю мерапрыемстваў да 210-годдзя сусветнавядомага паэта Адама Міцкевіча. Прэм’ера несапраўднага спектакля "Нібы ў Міцкевічавым сне" адбылася на галоўнай пляцоўцы 24 кастрычніка. Мастацкае афармленне залы забяспечыла Тацяна Макарэвіч. Вечарына была пабудавана на малавядомых біяграфічных звестках з жыцця сына Наваградчыны, аформленых літаратурна, і на яго паэтычных набытках, пададзеных сцэнічна. Пачаўся несапраўдны спектакль са сну дзесяцігадовага Адама, ролю якога выканаў Андрэй Мяцельскі. Паводле сцэнплану, ён упершыню пабачыў Марылю Верашчака (Наталлю Вернікоўскую) менавіта ў сне, але не ведаў, што гэта дзяўчынка – каханне ўсяго яго жыцця. Марыля (Наталля Вернікоўская) танчыла для яго, але ў той жа час была такой чужой, далёкай – танчыла для іншых. Графіня Храптовіч (Рэгіна Багамалова) распавяла пра бібліятэку Храптовічаў, што існавала ў Шчорсах, пра кнігі, якія там чытаў Адам, пра творы, якія ён там ствараў, чытала ягоныя "Крымскія санеты" ў арыгінале. Апавядальнік (Зміцер Арцюх) звязваў усе выступы звесткамі з жыцця аўтара "Пана Тадэвуша", чытаннем вершаў, агучваннем лістоў, напісаных паэтам. З паглыбленнем у заблытанасці лёсу песняра беларускай зямлі, да гледачоў выходзілі новыя героі. Другі Адам (Вадзім Клімовіч) і другая Марыля (Наталля Пушкарова) спявалі. Гэта быў сапраўдны гімн Каханню, Радзіме, Жыццю, Свабодзе. Маладыя барды з такой вытанчанай любоўю падышлі да стварэння песень, што гэта не магло пакінуць абыякавымі тых, хто прысутнічаў на прэм’еры. Трэція Адам і Марыля паўсталі перад гледачамі людзьмі ўжо сталага ўзросту. Адам (Мікола Кандратаў, які зрабіў пераклад санета "Пілігрым" на беларускую мову) распавядаў пра апошнія гады жыцця ў Парыжы, пра выкладчыцкую працу, паездку ў Канстанцінопаль. Марыля Верашчака (Людміла Баяўчук) чытала апошні ліст ад Міцкевіча, узгадвала маладосць у Туганавічах і прасіла прабачэння ў паэта за тое, што адмовіла яму і выйшла замуж за графа Путкамера. Яна прызналася, што заўсёды чытае вершы і балады Міцкевіча. І як доказ – прачытала гледачам баладу "Свіцязянка". Заканчваецца несапраўдны спектакль вершам "Сон", які сімвалізуе вечную прысутнасць паэта на зямлі. Назву несапраўднаму спектаклю "Нібы ў Міцкевічавым сне" даў радок з верша Міколы Кандратава. Ну й "Залёты" ў "Пінскай шляхты" (2008) Несапраўдны спектакль з нагоды 200-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча адбыўся на галоўнай пляцоўцы 19 лютага 2008 года. Ролі выконвалі: Зміцер Лятальскі - Зміцер Арцюх, сялянка-шляхцянка - Аксана Спрынчан, вядучая актрыса музычна-драматычнага гуртка Дуніна-Марцінкевіча - народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, вандроўны лернік - Яраш Малішэўскі, прадказальнік, які чытае не толькі зоркі, але і вершы - Мікола Кандратаў, дырэктарка вялікай хатняй бібліятэкі Дуніна-Марцінкевіча - Рэгіна Багамолава. Бібліятэкай была падрыхтавана выстава жыцця і творчасці класіка "Ён першым сеяў зярняты". У рубрыцы "СМІ пра нас" чытайце артыкул "Шанавалі дудара", які быў надрукаваны ў газеце "Літаратура і мастацтва". Паўлінка, яе ўнук Сымон, сустрэча праз гады (2007) (фота) Несапраўдны спектакль з нагоды 125-цігоддзя з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа адбыўся на галоўнай пляцоўцы 19 красавіка 2007 года. Вечарына, як і неўміручая камедыя Купалы, пачалася з пералічэння дзеючых асоб. Потым яны па чарзе аддавалі даніну памяці беларускім песнярам. Я насыплю горку жоўтага пясочку, Правяду разорку беленькім кіёчкам. Шу-шу-шу! - пясочак шурхнуў залаценькі. Пясок - мой дружочак, дробненькі-драбненькі. На пясочку зайкі кідаюць слядочкі... Ой, якія байкі баюць мне пясочкі! Так пачаў выступленне Арсеній Асіеўскі. Потым ён зайграў на скрыпцы. Барды Пятро Русаў і Вадзім Клімовіч спявалі на словы Купалы, радавалі прэм'ерамі. Нечакана на вечарыну завіталі самі паэты. Іх узнёслы голас, што захаваўся ў залатых фондах Беларускага радыё, было прыемна слухаць і маладому пакаленню, і старэйшаму. Кожны выступ класікаў суправаджаўся бурнымі воплескамі. Галоўная роля ў несапраўдным спектаклі - роля Паўлінкі - была адведзена народнай артыстцы Беларусі Марыі Захарэвіч. Так была выпраўлена памылка лёсу, які ў свой час не даў Марыі Георгіеўне выйсці на сцэну галоўнай гераіняй камедыі. Прыма купалаўскага тэатра расказала пра актрыс, якія сыгралі Паўлінку, прачытала вершы Янкі Купалы, урывак з паэмы Якуба Коласа "Новая зямля" і па шматлікіх просьбах гледачоў праспявала песню на словы Генадзя Бураўкіна. Вершы віноўнікаў урачыстасці і свае вершы, прысвечаныя ім, чыталі паэты Рагнед Малахоўскі, Юлія Новік і Аксана Спрынчан. У сваім выступе беларуская зорка верлібра сумясціла некалькі вобразаў: Паўліну Мядзёлку, Бандароўну, жняю, маладую маму. Паабяцала, што сваю будучую дачку назаве Альжбэтай, а ўнучку Паўлінкай. Тады несапраўдны спектакль пераўтворыцца ў сапраўдны. |