Казярог
Адам Міцкевіч

Вадалівы
Іван Мележ
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Рыбы
Францішак Аляхновіч

Авен
Францішак Багушэвіч

Цялец
Змітрок Бядуля

Блізняты
Васіль Быкаў

Рак
Янка Купала

Леў
Янка Брыль

Панна
Наталля Арсеннева

Шалі
Міхал Клеафас Агінскі
Язэп Драздовіч

Скарпіён
Якуб Колас

Стралец
Максім Багдановіч

 




 
12 сузор'яў

Задыякальна-паэтычны праект у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. 2007-2008 год. Ідэя стварэння праекта належыць паэтам Міколу Кандратаву, Аксане Спрынчан і дырэктару Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Тацяне Шэляговіч. Жаданне зрабіць такі цыкл вечарын узнікла пасля творчай вечарыны паэта Міколы Кандратава "Кола жыцця".

Сустрэча дванаццатая: Скарпіёны (2008) (фота)
На закрыцці задыякальна-паэтычнага праекту "12 сузор’яў", якое адбылося 12 лістапада 2008 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча, было як ніколі шматлюдна. Вечарына пачалася а 18.12 і налічвала 12 параграфаў. Усе прыйшлі паглядзець і паслухаць Скарпіёнаў, сярод якіх шмат таленавітых людзей. Самыя лепшыя распавядалі пра сябе і пра сваё стаўленне да знаку. Пачалося і скончылася кола выступаў фольк-гуртом "Пераплут". Артысты гралі на інструментах эпохі сярэднявечча, сумесна з гуртом "Гістрыён" танчылі ў строях той пары, ствараючы цудоўны настрой гледачам. Паміж імі выступілі Анатоль Вярцінскі, Маргарыта Аляшкевіч, Аксана Данільчык, Тацяна Пратасевіч, Маргарыта Прохар, Людміла Кандратава, Ірына Мышкавец. Мастак Уладзімір Рынкевіч прадэманстраваў свае новыя, яшчэ не аформленыя карціны, якія неўзабаве павінны стаць выставай. Таксама ён раздаў усім падарункі – па пяць сваіх карцін!.. У выглядзе каляндарыкаў. Астролаг Алена Рысавец распавяла цікавосткі з гараскопу Якуба Коласа. Вядоўцы падзяліліся сенсацыйнай знаходкай. Падчас падрыхтоўкі да вечарыны яны высветлілі, што Васіль Жуковіч ніякі не Скарпіён. Ва ўсіх даведніках, энцыклапедыях, іншых крыніцах памыліліся, прыпісаўшы пісьменніку прыналежнасць да скарпіёнства. Сам Васіль Жуковіч падцвердзіў памылку і паведаміў, што ён нарадзіўся пад сузор’ем Панны. Эпіграфам да вечарыны стаў верш Максіма Багдановіча "Змяіны цар".


Сустрэча адзінаццатая: Шалі (2008) (фота)
Самая шалёная сустрэча з усіх сустрэч задыякальна-паэтычнага праекту "12 сузор'яў" адбылася ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Хапіла ўсяго: ад п'янага гледача да няўрымслівага дзіцяці (сына адной з удзельніц). Вечарына была прысвечана Шалям і прайшла 9 кастрычніка 2008 года. У ёй прынялі ўдзел пісьменнікі, мастакі, музыкі Аляксей Чубат, Тацяна Барысюк, Максім Клімковіч, Тамара Габрусь, Зміцер Сідаровіч, Валерыя Кустава, Ганад Чарказян. Мастацкае афармленне залы Тацяны Вільджанавай. Астролаг Людміла Кандратава распавяла цікавосткі з гараскопу вядомага класічнага беларускага прадстаўніка сузор'я Шалі Міхала Клеафаса Агінскага. Пра нашага знакамітага мастака, аднаго з заснавальнікаў беларускага нацыянальнага гістарычнага жывапісу Язэпа Драздовіча (1888-1954) дэталёва распавядала архітэктар Тамара Габрусь, нагадаўшы прысутным, што сёлета 120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Нарцызавіча. Прадмовай да вечарыны быў верш гаспадара дома "Зіянне месяца".


Сустрэча дзясятая: Панны (2008) (фота)
Прайшла 10 верасня 2008 года ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. У ёй бралі ўдзел паэт Рагнед Малахоўскі, які выступіў першым і распавёў пра сваю першую кнігу “Беражніца”, барды Анатоль Кудласевіч і Юрась Нераток, паэтка Галіна Каржанеўская, дырэктарка Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Тацяна Шэляговіч, перакладчык Андрэй Цяўлоўскі. Вядучая Аксана Спрынчан таксама нарадзілася пад сузор’ем Панны. Яна выступіла і за сябе і за сваю маленькую дачку-Панну Альжбэту. Астролаг Алена Мельнікава распавяла цікавосткі з гараскопу вядомай прадстаўніцы сузор’я Наталлі Арсенневай. Стыхія Паннаў – Зямля, але нягледзячы на гэта амаль усе выступы адзначаліся касмічнасцю. Эпіграфам да вечарыны быў верш "Безнадзейнасць".


Сустрэча дзявятая: Львы (2008) (фота)
Вечарына адбылася 21 жніўня 2008 года. У ёй прынялі ўдзел музыка Яраш Малішэўскі, які не толькі цікава распавядаў пра сябе, але і граў на дудзе і гітары. Выступілі пісьменнікі, крытыкі, літаратуразнаўцы Аксана Бязлепкіна, Анатоль Верабей, Зміцер Вішнёў, Ірына Шаўлякова. Паэт Мікола Кандратаў распавёў цікавосткі з гараскопу вядомага беларускага Льва Янкі Брыля. Астролаг Людміла Кандратава дапоўніла аповяд, але ўжо пра тое, як астролагі ставяцца да Львоў і што яны пра іх думаюць. Вечарына атрымалася вогненна-цёплай і сямейнай. Гэта і нядзіўна, планета, якая кіруе Львамі, - Сонца. Таму эпіграфам да вечарыны стаўся верш Максіма Багдановіча "Калісь глядзеў на сонца я...", вядучы чытаў яго ў сонечных акулярах. Гледачы даведаліся, што найвышэйшая ступень творчасці Львоў - дзеці. І як бы гэта дзіўна не гучала, не вечарыне іх было дастаткова. І тых, што сядзелі ў зале, і тых, што пазіралі на прысутных з карцін мастака Генадзя Матусевіча. Яшчэ ў афармленні залы прысутнічалі галоўныя атрыбуты знака - ружа, золата, агонь.


Сустрэча восьмая: Ракі (2008) (фота)
Вечарына адбылася 26 чэрвеня 2008 года. У ёй бралі ўдзел барды Юры Несцярэнка і Наталля Пушкарова, пісьменнікі Людміла Рублеўская, Наталля Кучмель, Барыс Пятровіч, Тацяна Сівец. Астролаг Алена Рысавец распавяла цікавосткі з гараскопу Янкі Купалы. Гэты аповяд настолькі ўзрушыў публіку, што многія абмяркоўвалі пачутае нават падчас праграмы, перапыняючы астролага. Гэта не сапсавала настрой, а падкрэсліла ўтульнасць вечарыны. Афармленне залы было шыкоўна-насычаным. Вісела люстэрка - як сімвал Месяца, што кіруе Ракамі. Прысутнічаў парасон, веер, лук са стрэламі. Вядоўцы выйшлі басанож і з вядром, у якое збіраліся налавіць Ракаў. Стыхія Ракаў - вада, чым тлумачацца парасон і вядро. Вечарына пачалася з параграфу "Кулінарныя прыхільнасці". Вядоўцы парадавалі гледачаў не толькі "смачным" выступам першага выступоўцы, але і цукеркамі-рачкамі, а таксама трускаўкамі. Як патлумачыла Аксана Сапрынчан, яны сваім колерам ёй нагадваюць ракаў. Эпіграфам да вечарыны быў верш Максіма Багдановіча "Над возерам".


Сустрэча сёмая: Блізняты (2008) (фота)
Вечарына адбылася 27 траўня 2008 года. У праекце былі задзейнічаны Наталля Вернікоўская (арабскі танец), Алесь Камоцкі, Анатоль Бутэвіч, Сяргей Скрыпнічэнка. Паэт і астролаг Мікола Кандратаў распавёў цікавосткі з гараскопу Васіля Быкава. Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан паўсталі перад прысутнымі сапраўднымі блізнятамі. Пра гэта сведчыла не толькі падабенства вопраткі, але і паводзіны. За сімвал вечарыны ўзялі рукі. Яны былі паўсюль: і ў гучных воплесках, і ў белых пальчатках вядоўцаў, і ў чорнай самотнай пальчатцы, што лунала па-над залай, і ў статуэтцы, што стаяла на століку вядоўцаў. Пра стыхію знака - паветра - гаварылі паветраныя шары, а пра галоўную прафесію - журналістыку - дыктафон і журналісты-выступоўцы, якія сваю прафесію сумяшчаюць з літаратурнай творчасцю. Астролаг Людміла Кандратава распавяла пра планету, што кіруе Блізнятамі, - Меркурый і пра любімы лік - 13, які ёсць сімвалам нечаканасці. Эпіграфам да вечарыны быў верш Максіма Багдановіча "Рандо".


Сустрэча шостая: Цяльцы (2008) (фота)
Вечарына адбылася 17 траўня 2008 года ў межах правядзення Міжнароднай акцыі "Ноч музеяў". У ёй прынялі ўдзел: гурт "Князь Мышкін", барды Алесь Наркевіч, Алеся Сівохіна, Раман Яраш, пісьменнікі Сяргей Вераціла, Антон Дзянісаў, Мікола Кандратаў, Ігар Клепікаў, астролаг Людміла Мельнікава распавяла цікавосткі з гараскопу вядомага беларускага Цяльца Змітрака Бядулі, краязнавец Генадзь Комель распавёў пра некаторых вядомых беларускіх Цяльцоў. Працаваць над гэтай вечарынай было складана, але цікава, бо ўсе ведалі, што Міжнародная акцыя "Ноч музеяў" не дазволіць правесці вечарыну камерна, таму акцэнт быў зроблены на "музычнасці праекта". І гледачы, якіх сабралася больш за сто чалавек, гэта ацанілі. Аксана Спрынчан выступіла ў ролі Ночы, Зміцер Арцюх быў Вечарам, які прачытаў верш-эпіграф "Вечар" Максіма Багдановіча. Стыхія знака - Зямля. Афармляючы залу Зміцер Арцюх і Тацяна Шаляговіч доўга не маглі прыдумаць, як гэта адлюстраваць. Вырашылі проста паставіць вялікі вазон з кветкай, які, зразумела, расце ў зямлі. Усю вечарыну на яго ніхто не звяртаў увагі, але апошнія выступоўцы выпадкова зачапілі кветку - і вазон паваліўся. Так зямля заявіла пра сваё стаўленне да знака Цялец.


Сустрэча пятая: Авены (2008) (фота)
Вечарына адбылася 3 красавіка 2008 года. Авен - першы знак задыяка, дзіця гараскопа, яго пачатак. Таму не выпадкова, што вечарына прайшла ў фае музея, бо з фае акурат і пачынаецца любая ўстанова. Адкрыў кола выступоўцаў дзіцячы фальклорны ансамбль "Ягняткі". Яны прынеслі агонь на вечарыну, а потым загукалі вясну. Асаблівае захапленне выклікала маленькая салістка ансамбля - Вераніка Багдановіч - якую ўсе жартам называлі жонкай нашага класіка. Не меншае захапленне выклікалі выступоўцы-пісьменнікі. Напрыклад, чароўная беларуская казачніца Алена Масла падцвердзіла ісціну, што казкі любяць не толькі дзеці, але і дарослыя, а тым больш, калі гэтыя дарослыя з'яўляюцца Авенамі. Пісьменніца падарыла прысутным "Ягняткам" не толькі кнігу казак "Таямніца закінутай хаты", але і мех цукерак. Дарэчы, па цукерцы атрымалі ўсе гледачы вечарыны. Пісьменнік і журналіст Севярын Квяткоўскі прыгожа ўпісаўся ў параграф "Кулінарныя прыхільнасці Авенаў". Ён прачытаў некалькі апавяданняў са сваёй першай кнігі "Фрашкі да пляшкі". Цудоўная паэтка Людміла Сільнова раскрыла праз свае вершы космас кахання, а таксама псіхалагічны партрэт і характар Авенаў. Вогненную стыхію знака данёс малады паэт Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі. Здаровы смех выклікалі творы Юрася Барысевіча, які прымусіў прысутных адпачыць і прагуляцца па такіх касмічных дзяржавах, як Плутон, Марс, Сонца. Вядучая Аксана Спрынчан прымусіла паэта Віктара Шніпа распавесці гісторыю пра каханне да Снягуркі, паколькі апынулася, што вечарына Авенаў і Новы год - святы-сінонімы. Віктар Шніп чытаў вершы, прысвечаныя зіме, вясне, Снягурцы і рэальным жанчынам. Паэт выступіў пад параграфам "Кар'ера і прафесіі знака", з якога прысутныя даведаліся, што Авены могуць дамагчыся поспеху шмат у якіх галінах. Пісьменніца Валянціна Коўтун прачытала вершы з новай кнігі "Свяча любові", даказаўшы, што стыхія Авенаў сапраўды агонь. Праўда, Валянціна Міхайлаўна прызналася, што захапленне гараскопамі, якое было ў маладосці, прайшло. Пісьменнік, літаратуразнавец, крытык Яўген Лецка распавёў пра авантуры свайго жыцця і загарэўся ідэяй аформіць іх у кнігу. Астролаг Алена Рысавец распавяла цікавосткі з гараскопу вядомага беларускага Авена Францішка Багушэвіча.


Сустрэча чацвёртая: Рыбы (2008) (фота)
Вечарына адбылася 14 сакавіка 2008 года. У праекце бралі ўдзел: музыкі Дар'я Мануйлава (флейта), якая адкрыла і закрыла вечарыну, Аляксандр Голуб (гітара), пісьменнікі Алесь Туровіч, Уладзімір Мазго, Юрась Пацюпа, Зміцер Арцюх, цікавосткі з гараскопу Францішка Аляхновіча распавяла астролаг Людміла Кандратава. Яна ж распавяла і пра асаблівасці знаку Рыб - апошняга ў задыякальным цыкле. Вечарына пачалася з эпіграфу - верша "Раманс": Зорка Венера ўзышла над зямлёю, светлыя згадкі з сабой прывяла... Венера - планета, якая кіруе Рыбамі і якая дае сваім дзецям павышанае адчуванне прыгажосці ва ўсім. Таму і не дзіўна, што сярод творчых Рыб шмат лірычных і пяшчотных асоб. Рыбы найбольш вясновыя натуры, таму першым параграфам вечарыны стала каханне. Далей лагічна выліваліся прывабнасць, таямніца, сумяшчальнасць, шлюб. Слова "выліваліся" тут выкарыстана не выпадкова. Стыхія Рыб - вада.


Сустрэча трэцяя: Вадалівы (2008) (фота)
Вечарына адбылася 5 лютага 2008 года. Выступілі: украінская акторка Людміла Баяўчук, паэт, бард, перакладчык Серж Мінскевіч, пісьменнікі Пятро Васючэнка, Фелікс Баторын, Людміла Паўлікава. Высветлілася, што паэтка Паўлікава таксама ў свой час займалася астралогіяй. Пра гэта можна было б здагадацца па задыякальным цыкле вершаў, які яна прачытала на вечарыне. Свой вянок Людміла Паўлікава аздобіла самымі яркімі характарыстыкамі 12 сузор'яў. Астролаг Людміла Кандратава паведаміла пра эпоху Вадаліва ў якую мы зараз жывём. Паэт Мікола Кандратаў распавёў цікавосткі з гараскопу класічнага беларускага Вадаліва Івана Мележа і паведаміў, што ў сузор'і Вадаліва нарадзіўся яшчэ адзін знакаміты сын Беларусі - Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч.
- Найбольш яркім у гэтай вечарыне я назвала б выступ Фелікса Баторына, які не толькі паэт, але і доктар-анколаг і гiнеколаг. У ім ярка спалучаецца знак, сімвалам якога ёсць жывая і мёртвая вада. Да жывой вады адносіцца гiнекалогія, а да мёртвай, адпаведна, - анкалогія, - сказала пасля вечарыны астролаг Людміла Кандратава.
Эпіграфам да вечарыны быў верш Максіма Багдановіча "Прывет табе, жыццё на волі...". Ён характарызаваў паветра - стыхію знака.


Сустрэча другая: Казярогі (2008) (фота)
Вечарына адбылася 18 студзеня 2008 года. У праекте былі задзейнічаны: Наталя Пахамовіч (журналістка), Тацяна Будовіч (паэтка), Уладзімір Марук (паэт), Мікола Шабовіч (паэт), Павел Кузіч (бард), Анатоль Зэкаў (паэт), Юлія Новік (паэтка), Сяргей Патаранскі (паэт). Цікавосткі з гараскопу класічнага беларускага Казярога Адама Міцкевіча распавяла астролаг і выкладніца музыкі Людміла Кандратава. Яна настолькі чулліва гаварыла пра лёс паэта, пра ягонае выгнанне з Радзімы, каханне да Марылі Верашчакі (якая, дарэчы, нарадзілася ў адзін дзень з Адамам - 24 снежня, праўда, на год пазней), што цяжка было ўтрымацца, каб не заплакаць. Планета Сатурн дала таленту Адама Міцкевіча незвычайную яркасць, сілу, бо ён быў адданы служэнню Бацькаўшчыне, але прынесла паэту і цяжкія выпрабаванні, калі ён пакінуў сваю радзіму. Эпіграфам вечарыны стаў верш Максіма Багдановіча "Зімой".


Сустрэча першая: Стральцы (2007) (фота)
Пачатак праекта са Стральцоў не выпадковасць. Яркая зорка беларускай літаратуры Максім Багдановіч нарадзіўся пад гэтым сузор'ем. Таму ён і ягоная творчасць будуць у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў праекта. Кожны з выступоўцаў будзе ўгзадваць Максіма Багдановіча, праводзіць паралелі з творчасцю іншых класікаў беларускай літаратуры, імкнуцца наблізіцца да зоркі Максіма. Вечарына Стральцоў прайшла 14 снежня 2007 года. У ёй бралі ўдзел гурты "Ключ" (Аляксандра i Максiм Гросы) і "Ліцьвіны" на чале з кiраўнiком Уладзiмiрам Бярберавым. Дарэчы, "Ключом" Паэтычны тэатр "Арт.С" адкрыў праект. Таксама перад прысутнымі выступіў мастак Эдуард Агуновіч. Як сказалі вядоўцы, прадстаўляючы яго: "Менавіта мастак-Стралец Эдуард Агуновіч перажыў жыццё паэта-Стральца Максіма Багадановіча і даў жыццё экспазіцыі музея". Свае вершы чаталі паэты Усевалад Гарачка, Віка Трэнас. Паэт і астролаг Мікола Кандратаў распавёў цікавосткі з гараскопу самага класічнага беларускага Стральца Максіма Багдановіча. Эпіграфам быў верш "Упалі з грудзей Пана Бога, парваўшыся, пацеркі зор..."