|
АБВесткі - Архіў 2008 31.12.2008 З надыходзячым! Дарагія наведвальнікі сайту! Віншуем вас з надыходзячым Новым 2009 годам, жадаем здароўя, дабрабыту, настрою. Няхай у Новым годзе не будзе кепскага, няхай жыццё будзе светлай паэзіяй. Будзем рады бачыць вас на нашых вечарынах і далей. Поспехаў! 29.12.2008 Галасуем за Зміцера Арцюха Дырэктар Паэтычнага тэатра "Арт.С" Зміцер Арцюх прымае ўдзел у тэлепраекце "В десятку" на тэлеканале ТВ-Маркет (вяшчанне на частаце тэлеканала ТДК (Тэлевізійны дамскі клуб)). Вы можаце прагаласаваць за Зміцера, паслаўшы sms на кароткі нумар 9771, нумар удзельніка Д22. Перадача ў эфіры кожны дзень у 9.30 і 20.30. Глядзіце выступ Зміцера Арцюха ў эфіры ТВ-Маркет з 29 снежня па 4 студзеня. 28.12.2008 Адкрыццё першай дзеі Паэтычны тэатр "Арт.С" запрашае на штогадовую літаратурна-музычную вечарыну-маскарад "Стары Новы год у Цёткі". У ёй бяруць удзел: Жабрак – Зміцер Арцюх, Паштарка – Рэгіна Багамолава, Ёлка – Людміла Баяўчук, Паляўнічы – Вадзім Клімовіч, Божая Кароўка – Алена Масла, Зубр – Яраш Малішэўскі, Зубрыха, цыганка – Аксана Спрынчан. У галоўнай ролі – Каралевы – народная артыстка Беларусі МАРЫЯ ЗАХАРЭВІЧ. Чакаем 9 студзеня 2009 года ў 18.00 на галоўнай пляцоўцы. 22.12.2008 Падрыхтоўка пачалася Пачалася падрыхтоўка да вечарыны-маскараду "Стары Новы год у Цёткі". На гэты раз у цэнтры ўвагі святочнай праграмы будзе вядомы твор Міколы Гусоўскага "Песня пра зубра". Яго ўдзельнікі Паэтычнага тэатра будуць чытаць па-новаму. Вечарына запланавана на 9 студзеня. Сачыце за абнаўленнем сайту. 21.12.2008 А верш імкнецца на нябёсаў Паэтычны тэатр "Арт.С" прымае ўдзел у дабрачыннай акцыі "Анёл міласэрнасці", арганізаванай Саюзам сястрынстваў міласэрнасці Беларускай Праваслаўнай Царквы. У суботу 27 снежня 2008 года ў 18 гадзін у выставачным комплексе “Белэкспа” (пр-т Пераможцаў, 14) адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза "Пад крылом нябеснага анёла". Уступнае слова бяруць: кіраўнік Сацыяльнага аддзела Мінскай епархіі айцец Алег Шульгін, выканаўчы сакратар Саюза сястрынстваў міласэрнасці Алена Зенкевіч. У праграме плануецца ўдзел: актрысы Людмілы Баяўчук, барда Наталлі Пушкаровай, паэтаў Міколы Кандратава, Алены Наследышавай, Тацяны Пратасевіч, мастачкі Святланы Цывілька, салісткі тэатра "Жывое слова" Алесі Сівохінай. Вядоўцы Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан. 19.12.2008 Мастацкая рада Сябры, 22 снежня ў 18 гадзін праводзім мастацкую раду. Збор – на галоўнай пляцоўцы. Мы падвядзем вынікі 2008 года і абмяркуем план на першае паўгоддзе 2009-га. Рыхтуйце прапановы па ўдасканаленні дзейнасці Паэтычнага тэатра "Арт.С". 18.12.2008 Да Міцкевіча 24 снежня ў 12 гадзін удзельнікі Паэтычнага тэатра "Арт.С" прымуць удзел у святой імшы ў Чырвоным Касцёле і ва ўрачыстасцях з нагоды 210-годдзя Адама Міцкевіча. Праграма Паэтычнага тэатра "Арт.С" пад назвай “Народжаны ў калысцы Беларусі” адбудзецца ў Мінскім скверы Адама Міцкевіча ля яго помніка. Чакаем. 17.12.2008 Спектакль у Чырвоным Касцёле 26 снежня ў 18 гадзін тэатр "Зніч" паказвае мона-оперу "Адзінокі птах" (да 210-годдзя Адама Міцкевіча). Аўтар лібрэта і рэжысёр-пастаноўшчык Галіна Дзягілева, у галоўнай ролі саліст оперы Андрэй Марозаў. Уваход – 4 тысячы рублёў. 16.12.2008 Выступы Удзельнікі Паэтычнага тэатра "Арт.С" Аксана Спрынчан і Тацяна Будовіч выступаюць у Мінскім планетары. Падрабязнасці ў "Гасцёўні". 05.12.2008 КАЗКІ І ПОКАЗКІ ЛЫСАЙ ГАРЫ ад ейнае Гаспадыні і гасцей Паэтычны тэатр "Арт. С" запрашае 19 снежня 2008 года Прэзентацыя кнігі "ЖываЯ" ў 2-х частках Частка першая (снежаньская) АКСАНА СПРЫНЧАН – МАЛАДЗЕЙШАЯ ЗА ЎСІХ ВЫСТУПОЎЦАЎ Раздзелы:
1. ЖываЯ... Максім КЛІМКОВІЧ, Сяргей ВЕРАЦІЛА, Уладзіслаў АХРОМЕНКА
Жывыя партрэты выступоўцаў стварае мастак Валер ЮРКЕВІЧ2. ЖываЯ, Серж МІНСКЕВІЧ 3. ЖываЯ Вадзім ЖЫЛКО і іншыя сябры з ЛУНІНЦА 4. "ЖываЯ" Валянцін АКУДОВІЧ, Алесь АНЦІПЕНКА 5. ЖываЯ: Ірына КЛІМКОВІЧ, Галіна ДУБЯНЕЦКАЯ 6. ЖываЯ? Зміцер СІДАРОВІЧ 7. ЖываЯ – Алена МАСЛА 8. ЖываЯ; Віктар ШНІП, Людміла РУБЛЕЎСКАЯ 9. (ЖываЯ) Мікола КАНДРАТАЎ, Рэгіна БАГАМОЛАВА 10. ЖываЯ! Яраш МАЛІШЭЎСКІ 11. ЖываЯ. Сяргей СЫС Сустракаемся ў Бібліятэцы Цёткі (Талбухіна 12а) а 18 й гадзіне (пятніца). Уваход, як і выступы, вольны. 04.12.2008 Спектакль у каледжы мастацтваў У суботу 13 снежня 2008 года ў 15 гадзін Паэтычны тэатра "Арт.С" пакажа несапраўдны спектакль "Нібы ў Міцкевічавым сне" (да 210-годдзя паэта). Гледачоў чакаем у каледжы мастацтваў па вуліцы Камуністычнай, 52. Дзеючыя асобы. Апавядальнік: Зміцер АРЦЮХ; графіня Храптовіч: Рэгіна БАГАМОЛАВА; Марыля Верашчака: Наталля ПУШКАРОВА, Людміла БАЯЎЧУК; Адам Міцкевіч: Вадзім КЛІМОВІЧ, Мікола КАНДРАТАЎ. Таксама ў спектаклі бяруць удзел навучэнцы і выкладчыкі каледжа: Наталля ЛАЗАРЧЫК, Ганна ГЕГЕЛЬ, Віктар ІВАНОЎ. 02.12.2008 Радыёперадача Журналістка радыёканала "Культура" Яўгенія Арцюшкевіч рыхтуе перадачу пра Паэтычны тэатр "Арт.С". Пад час інтэрв’ю, якое давалі Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан, Яўгенія Сяргееўна цікавілася мэтамі стварэння Паэтычнага тэатра, формамі вечарын, якія праводзяцца на галоўнай і дадатковых пляцоўках, задыякальна-паэтычным праектам "12 сузор’яў". Пагаварылі ўдзельнікі радыёперадачы і пра гледачоў, пра сямейную атмасферу вечарын, прачыталі вершы. Слухайце праграму Яўгеніі Арцюшкевіч "Фактар лёсу" на радыёканале "Культура" (на сярэдняй частаце 1125 кГц, на ўльтракароткай 70,4 МГц і 102,9 МГц – у FM-дыяпазоне, а таксама ў Сеціве: tvr.by/bel/radiocult.asp). Пачатак у 15.35 у пятніцу 19 снежня. 01.12.2008 ВІНШУЕМ Міколу Кандратава! Новая кніга "Вершы і зоркі" Міколы Кандратава пабачыла свет. Яна выйшла ў выдавецтве "Мастацкая літаратура" накладакм 1200 асобнікаў. Для Міколы Кандратава паэзія - пошукі ісціны свету. У вершах ён спрабуе пераасэнсаваць мінулае і сённяшняе жыццё, абапіраючыся на духоўную спадчыну продкаў. Шчырасць і аптымізм, лірычнасць і задуменнасць, вера ў магчымасці дабра - рысы, уласцівыя творчасці аўтара. Віншуем паэта з выхадам кнігі і запраем усіх на яе прэзентацыю. Прэм’ера кнігі запланавана 27 лютага 2009. 26.11.2008 ВІНШУЕМ Людмілу Баяўчук! Актрыса, рэжысёр, выкладніца кафедры тэатральнай творчасці Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Людміла Баяўчук скончыла аспірантуру. Як прызнаецца ўдзельніца вечарын Паэтычнага тэатра "Арт.С": "Я адчула свабоду і расправіла крылы. Зараз нібыта ў палёце. Гэта такое цудоўнае адчуванне! Цяпер я спакойна магу займацца даследваннямі і рыхтавацца да здачы галоўнай працы на дадзеным этапе жыцця". Наперадзе ў Людмілы Баяўчук абарона дысертацыі "Музычны спектакль для дзяцей у драматычным тэатры: генэзіс, тыпалагічныя рысы". Мы жадаем актрысе поспехаў, натхнення, хутчэйшай абароны і рэалізацыі творчых задум на пляцоўках Паэтычнага тэатра "Арт.С" і на сцэнах тэатраў краіны. 21.11.2008 ВІНШУЕМ Марыю Захарэвіч! Сёння народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, прыма Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Марыя Захарэвіч святкую дзень нараджэння. Мы ўсе віншуем гонаровую ўдзельніцу вечарын Паэтычнага тэатра "Арт.С" з гэтай датай, жадаем здароўя, энергіі на здзяйсненне ўсіх творчых задум, дабрабыту і поспехаў. Чакаем новых прац у Купалаўскім тэатры і ўдзелу ў нашых вечарынах. На галоўнай пляцоўцы "Арт.С" Марыя Захарэвіч з’яўляецца Каралевай Зімы ў вечарыне-маскарадзе "Стары Новы год у Цёткі". Яна выканала галоўныя ролі ў нашых несапраўдных спектаклях "Паўлінка, яе унук Сымон, сустрэча праз гады", "Ну й "Залёты" ў "Пінскай шляхты". 19.11.2008 Вечарына памяці ПАЭТЫЧНЫ ТЭАТР "АРТ.С" запрашае "Краю блаславёнага дачка" вечарына памяці Яўгеніі ЯНІШЧЫЦ да 60-годдзя з дня нараджэння на вечарыну запрошаны: Людміла АБУХОВІЧ, Анатоль БУТЭВІЧ, Юлія ЕСЬМАН, Хрысціна ЖАЎРЫД, Васіль ЖУКОВІЧ, Ніна ЗАГОРСКАЯ, Галіна КАРЖАНЕЎСКАЯ, Валянціна КОЎТУН, Яраш МАЛІШЭЎСКІ, Наталля ПУШКАРОВА, Аляксандра ЦІХАНАВА ганаровы госць – Андрэй ЯНІШЧЫЦ вядоўцы: Зміцер АРЦЮХ і Людміла БАЯЎЧУК чакаем на галоўнай пляцоўцы (вуліца Талбухіна, 12а) 28 лістапада 2008 года ў 18.00 18.11.2008 Навіны сайта З'явілася новая інфармацыя на старонках "Удзельнікі" і "12 сузор'яў". 17.11.2008 ВІНШУЕМ Тацяну Пратасевіч! Сёння ўдзельніца Паэтычнага тэатру "Арт.С" Тацяна Пратасевіч адзначае свой дзень народзін. Мы шчыра віншуем паэтку з гэтай датай, жадаем ёй здароўя, шчасця, творчага плёну і чакаем выхаду яе кнігі. Удзячны за шыкоўную "вопратку" для нашых крэслаў і століка на галоўнай пляцоўцы. 14.11.2008 Рыхтуемся Ідзе падрыхтоўка да вечарыны памяці Яўгеніі Янішчыц "Краю блаславёнага дачка". На сёння паўдзельнічаць у ёй запрошаны сяброўка Жэні па студэнцкім інтарнаце Людміла Абуховіч, пісьменнікі Васіль Жуковіч, Ніна Загорская, Галіна Каржанеўская, Анатоль Бутэвіч, Валянціна Коўтун, бард Наталля Пушкарова, скрыпачка Святлана Уланоўская, сын Андрэй Янішчыц, студэнткі Юлія Есьман, Хрысціна Жаўрыд, Аляксандра Ціханава. Вы пачуеце шмат вершаў, песень, цёплых слоў у адрас віноўніцы ўрачыстасці. Правядуць вечарыну Зміцер Арцюх і Людміла Баяўчук. Падрабязнасці чытайце ў бліжэйшы час. 13.11.2008 ВІНШУЕМ Аксану Спрынчан! Дырэктарка Паэтычнага тэатра "Арт.С" Аксана Спрынчан выдала другую кнігу вершаў – "ЖываЯ". Яна выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” накладам 1500 асобнікаў. Вершы ў новай кнізе вызначаюцца істотнасцю перажытай і ў той жа час лёгкай, у пэўным сэнсе летуценнай думкі, гарманічным спалучэннем традыцыйнага і наватарскага. Аўтарка пашырае арэал прысутнасці ў сучасным літаратурным жыцці візуальнай паэзіі і паэзіі імгненняў-вечнасці. Віншуем Аксану Спрынчан і чакаем яе новых творчых вынаходак. Кнігу "ЖываЯ" можна будзе набыць на прэзентацыі – 19 снежня. 09.11.2008 Навіны сайта Новай інфармацыяй папоўніліся рубрыкі "Удзельнікі", "Несапраўдныя спектаклі". Працуе карта сайта. Чытайце і пішыце нам. 06.11.2008 Шаноўнае спадарства! 6 снежня у Тэатры рускага рамансу адбудзецца прэзентацыя літаратурна-мастацкага праекта "Выявы-2008". Падрабязнасці ў "Гасцёўні". 05.11.2008 ВІНШУЕМ Вадзіма Клімовіча! Удзельнік Паэтычнага тэатра "Арт.С" Вадзім Клімовіч скончыў аспірантуру. Паспяхова здаў апошні экзамен па спецыяльнасці "Тэхналогія машынабудавання". Падыходзіць да завяршэння праца над дысертацыяй "Мадэляванне працэсу і кіраванне параметрамі адначасовай двухбаковай апрацоўкі дэталяў са сферычнымі прэцызійнымі паверхнямі". Віншуем і жадаем паспяховай абароны! 03.11.2008 Вечарына Скарпіёнаў 12 лістапада 2008 года ў 18.12 у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча закрыццё задыякальна-паэтычнага праекту “12 сузор’яў”. Вядоўцы Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан ладзяць вечарыну Скарпіёнаў. У ёй бяруць удзел: - мастак Уладзімір РЫНКЕВІЧ, - народная артыстка Беларусі Марыя ЗАХАРЭВІЧ, - пісьменнікі Маргарыта АЛЯШКЕВІЧ, Анатоль ВЯРЦІНСКІ, Аксана ДАНІЛЬЧЫК, Васіль ЖУКОВІЧ, Алесь НАВАРЫЧ, Тацяна ПРАТАСЕВІЧ, Маргарыта ПРОХАР, - фольк-гурт “ПЕРАТУТ”. Астролаг Алена РЫСАВЕЦ распавядзе цікавосткі з гараскопу вядомага класічнага беларускага Скарпіёна Якуба КОЛАСА. 20.10.2008 Узнагарода На ўрачыстай цырымоніі закрыцця пятай духоўна-асветніцкай выставы "Пакроўскі кірмаш", якая адбылося 19 кастрычніка 2008 года ў Мінскім палацы мастацтва, Паэтычнаму тэатру "Арт.С" была ўручана першая ўзнагарода – падзяка за актыўны ўдзел у духоўна-асветніцкай праграме "Пакроўскага кірмашу". Узнагароду ўручаў старшыня аргкамітэта, дырэктар праваслаўных выстаў Аляксандр Савін. 17.10.2008 ВІНШУЕМ Тацянy Барысюк! 18 кастрычніка дзень народзін святкуе ўдзельніца Паэтычнага тэатра "Арт.С" паэтка і літаратуразнавец, аўтарка кнігі "Аўтапартрэт" Тацяна Барысюк. Мы шчыра віншуем яе і жадаем творчага плёну. Зараз Тацяна рыхтуе да друку новую кнігу, займаецца выхаваннем сваіх дзяцей і прымае актыўны ўдзел у вечарынах. "Для мяне творчасць – сродак самапазнання і самавыяўлення, спроба вынайсці новае, развіваючы патэнцыял традыцыйнага, асэнсаваць тое, што мне блізка і што хвалюе. Гэта надзея застацца ў сваіх вершах пасля фізічнай смерці, спроба выказаць сваё светаўспрыманне праз вобраз адметнай лірычнай гераіні, у якой свой лёс, біяграфія, вонкавы выгляд і духоўны шлях”, – прызнаецца Тацяна. 16.10.2008 Сябры! Новай інфармацыяй папоўніліся рубрыкі "12 сузор'яў" і "А верш імкнецца да нябёсаў". Прыемнага прагляду, пакідайце свае заўвагі ў нашай "Гасцёўні". Звяртаем вашу ўвагу, што ў нашай праграме адбыліся змены. 14.10.2008 Вяртаем Міцкевіча на Радзіму Паэтычны тэатр «Арт.С» падстаўляе несапраўдны спектакль “Нібы ў Міцкевічавым сне” (да 210-годдзя Адама Міцкевіча). Дзеючыя асобы. Апавядальнік: Зміцер АРЦЮХ; графіня Храптовіч: Рэгіна БАГАМОЛАВА; Марыля Верашчака: Наталля ВЕРНІКОЎСКАЯ, Наталля ПУШКАРОВА, Людміла БАЯЎЧУК; Адам Міцкевіч: Андрэй МЯЦЕЛЬСКІ, Вадзім КЛІМОВІЧ, Мікола КАНДРАТАЎ. Чакаем на галоўнай пляцоўцы 24 кастрычніка 2008 года ў 18.00. 07.10.2008 Падрыхтоўка пачалася Паэтычны тэатр “Арт.С” распачаў падрыхтоўку да несапраўднага спектакля “Нібы ў Міцкевічавым сне”. Гэта неафіцыёзнае святкаванне юбілею Адама Міцкевіча. Сёлета (24 снежня) песняру зямлі беларускай спаўняецца 210 гадоў. Гледачам будуць прадстаўлены новыя песні на словы Міцкевіча, прэм’еры якіх рухтуюць барды Вадзім Клімовіч і Наталля Пушкарова, а таксама вядомыя вершы і малавядомыя звесткі з біяграфіі класіка. Вы пачуеце Міцкевіча ў арыгінале. Чакаем на галоўнай пляцоўцы ў канцы кастрычніка. 02.10.2008 Шалёная сустрэча Паэтычны тэатр Арт.С” у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча п р а д с т а ў л я е задыякальна-паэтычны праект “12 сузор’яў” Сустрэча адзінаццатая: Шалі. У вечарыне бяруць удзел: - архітэктар Тамара ГАБРУСЬ - музыкі: Любоў ВЯСЁЛКІНА, Валерыя КУСТАВА, Зміцер СІДАРОВІЧ - пісьменнікі: Тацяна БАРЫСЮК, Леанід ДРАНЬКО-МАЙСЮК, Максім КЛІМКОВІЧ, Ганад ЧАРКАЗЯН, Аляксей ЧУБАТ * Астролаг Людміла КАНДРАТАВА распавядзе цікавосткі з гараскопу вядомага беларускага прадстаўніка сузор’я Шалі Міхала Клеафаса АГІНСКАГА Вядоўцы: Зміцер АРЦЮХ і Аксана СПРЫНЧАН. Чакаем 9 кастрычніка 2008 года ў 18.00 у музеі Максіма Багдановіча на вуліцы Багдановіча, 7а. 01.10.2008 СПАДАРСТВА! На нашым сайце пачала працаваць "Гасцёўня". Вы можаце задаваць нам свае пытанні, пакідаць прапановы, пажаданні і заўвагі, а таксама проста гутарыць. 28.09.2008 А верш імкнецца да нябёсаў Паэтычны тэатр «Арт.С», Сацыяльны аддзел Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы прадстаўляюць літаратурна-музычную імпрэзу на “Пакроўскім кірмашы” “А верш імкнецца да нябёсаў”, прысвечаную Божай Маці і жаночым вобразам – мамам, бабулям, сёстрам, каханым, якія з`яўляюцца захавальніцамі жыцця, дораць радасць, любоў і пяшчоту ўсяму жывому. Уступнае слова айца Алега Шульгіна, кіраўніка Сацыяльнага аддзела Мінскай епархіі. У праграме таксама бяруць удзел: Зміцер Арцюх, Рэгіна Багамолава, Людміла Баяўчук, народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч, Алена Зенкевіч, гурт “Ключ”, Юлія Новік, Наталля Пушкарова. Чакаем 12 кастрычніка 2008 года ў 14.00 Мінск, вуліца Казлова 3, Палац Мастацтваў 25.09.2008 СЯБРЫ! Цяпер інфармацыю пра вашых любімых паэтаў і паэтак, бардаў, акцёраў - удзельнікаў Паэтычнага тэатра "Арт.С" - можна чытаць у адпаведнай рубрыцы. Паважаныя ўдзельнікі, калі вы жадаеце нешта змяніць на сваёй асабістай старонцы, то свае прапановы дасылайце, калі ласка, на адрас dmitri_artuh@tut.by. Вы можаце даслаць свае фотаздымкі, аўтабіяграфію, а таксама вершы, тэксты песень, іншыя творы, якія вы лічыце сваёй візітоўкай. 18.09.2008 Паэтычны тэатр «Арт.С» АДКРЫВАЕ ДРУГУЮ ДЗЕЮ СЕЗОНУ ВЕЧАРЫН на галоўнай пляцоўцы Запрашаем на вечарыну-фарс ““Восень і іншыя коткі““ Вам падаецца, што вы не любіце котак? – Але ж вы не сабака! Адчуйце эстэтычнасьць гэтых істотаў разам з Аленай МАСЛА, Вiктарам ШНІПАМ, Наталляй ПУШКАРОВАЙ, Рэгінай БАГАМОЛАВАЙ, Сяргеем ВЕРАЦІЛАМ, Уладзіславам АХРОМЕНКАМ, Ярашам МАЛІШЭЎСКІМ. Да таго ж вы зможаце пафарсіць альбо фарсануць, паразмаўляць па-фарсі, узгадаць шляхотныя часы, калі вас упершыню фарсануў за жывое фарс-вадэвіль “Пінская шляхта”, а таксама фарсіраваць тое, што фарсіруецца. Вядоўцы: Зміцер АРЦЮХ і Аксана СПРЫНЧАН Чакаем 23 верасня 2008 года ў 18.30 (Мінск, вуліца Талбухіна 12а, ст.м. Парк Чалюскінцаў) 20.07.2008 ПАВАЖАНЫЯ ЎДЗЕЛЬНІКІ! Вялікая просьба даслаць сваю біяграфію і фотаздымкі на адрас: art-s-theatre@tut.by. Ідзе праца па стварэнні сайта і гэтыя звесткі неабходныя. 12.07.2008 СА СТАЛІЦЫ Ў СТАЛІЦУ 20 верасня Паэтычны тэатр "Арт.С" ладзіць гастролі-экскурсію ў Наваградак на чале з гідам Ярашам Малішэўскім. У 14.00. у Доме-музеі Адама Міцкевіча адбудзецца літаратурна-музычная імпрэза "Са сталіцы ў сталіцу". Заяўкі на паездку прымаюцца па тэлефонах тэатра +375 29-704-63-02, +375 29-761-65-87. 05.07.2008 ВОСЕНЬ І ІНШЫЯ КОТКІ
23 верасня адкрыццё другой дзеі сезону вечарын. Чакаем у 18.00 на галоўнай пляцоўцы (вуліца Талбухіна 12а, бібліятэка Цёткі). Адбудзецца вечарына-фарс "Восень і іншыя коткі". Уваход вольны. |