|
|
АБВесткі
05.09.2010
ВІНШУЕМ Рагнеда Малахоўскага!
Сёння адзначае Дзень народзінаў удзельнік паэтычнага тэатра "Арт.С" Рагнед Малахоўскі - паэт, фотамастак, музыка, блогер, аўтар трапяткіх, прасякнутых каханнем вершаў. Ад усёй душы віншуем Рагнеда і жадаем натхнення, творчых і жыццёвых поспехаў, удачы.
31.08.2010
Імпрэсіі Рагнеда Малахоўскага ў "ЛіМе"
У 34-м нумары газеты "Літаратура і мастацтва" ад 27 жніўня надрукаваныя "Імпрэсіі" Рагнеда Малахоўскага. Аўтар прыадкрывае таямніцы свайго светаадчування, давяраючы асабістыя ўражанні чытачу. Раім прачытаць аматарам паэзіі.
27.08.2010
Праца Людмілы
Сёння ў газеце "ЛіМ" надрукавана інтэрв’ю з Людмілай Баяўчук. Актрыса распавядае пра вершаспеў "Дзяўчына з легенды", прэм’ера якога адбылася ў канцы мінулага года. А днямі закончыліся здымкі серыяла "Жыццё як яно ёсць" (Расія), дзе здымалася і ўдзельніца нашага тэатра. Серыя з удзелам Людмілы Баяўчук мела назву "Трэці лішні" і Людміла сыграла ў ёй ролю маці дзяўчыны, якая зацяжарыла. "Гэта тыповая жыццёвая сітуацыя, - гаворыць актрыса. - Дзяўчына цяжарная, а хлопец не хоча прызнаваць дзіця, браць на сябе адказнасць". Здымкі серыяла праходзілі ў Мінску і Людміле яны вельмі спадабаліся.
Інтэрв'ю Людмілы Баяўчук газеце "ЛіМ" змешчана на старонцы сайта "СМІ пра нас".
25.08.2010
"З цеплынёю - у восень"
Літаратурны музей Максіма Багдановіча прадстаўляе выстаўку сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "З цеплынёю - у восень" ў межах цыкла выставак "Каляровыя ніты горада". Выстаўка яскрава дэманструе шмат відаў рамёстваў, якімі захапляюцца сучасныя майстры ў горадзе і мястэчках. Будуць прадстаўлены рэчы ў наступных тэхніках: вышыўка ручная, вышыўка з дапамогай швейнай машынкі, карункі, вырабы з лазы і скуры, бісерныя вырабы, шпалернае ткацтва, роспіс па тканіне, вязанне, залотная вышыўка, тэкстыльныя лялькі, абрэзкавая мазаіка. Серыя выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Каляровыя ніты горада” распачынаецца ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча і працягвае занітоўваць горад Мінск.
Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 31 жніўня а 17—й гадзіне па адрасе: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце). Выстаўка будзе доўжыцца да 17 верасня. Тэлефон для даведак: 334-07-61.
24.08.2010
Узнагарода Рагнеда Малахоўскага
Рагнед Малахоўскі стаў адным з пераможцаў літаратурнага конкурсу імя Ларысы Геніюш, прымеркаванага да 100-годзьдзя вялікай паэткі. Арганізатарам конкурсу выступіла аб’яднаньне літаратараў-хрысьціянаў «Дабравест».
Удзел у конкурсе ўзялі амаль тры дзясяткі аўтараў з усіх куткоў Беларусі.
23.08.2010
ВІНШУЕМ Аксану Спрынчан!
Сёння святкуе Дзень народзінаў дырэктарка паэтычнага тэатра Арт.С Аксана Спрынчан. Віншуем Аксану Спрынчан са святам і жадаем радасці, натхнення, цікавых ідэй у пастаноўцы вечарын, творчых поспехаў.
21.08.2010
Яраш Малішэўскі - эксперт "Пяцікніжжа Свабоды"
Яраш Малішэўскі зноў выступіў у якасці эксперта праграмы "Пяцікніжжа Свабоды" радыё Свабода і назваў кнігі, аўтарам якіх трэба паставіць помнікі. Хто і за якія творы, па меркаванні Яраша, заслугоўвае такой пашаны, і дзе трэба паставіць помнікі, чытайце тут http://www.svaboda.org/content/transcript/2133971.html.
20.08.2010
Аксана Спрынчан у "Дружбе народов"
Вершы Аксаны Спрынчан у перакладзе Святланы Бунінай і Наталлі Бельчанка на рускую мову надрукаваныя ў №8 маскоўскага часопіса "Дружба народов". Падборка вершаў аб'яднаная тэмай палёту - палёту птушак, палёту душы, палёту лісця і лістоў, і мае назву "Птицы". Аматары паэзіі могуць прачытаць пераклады тут.
18.08.2010
"Першая прыгажуня"
У выдавецтве "Літаратура і Мастацтва" выйшла кніга Алены Масла "Першая Прыгажуня". Казка - гэта не проста фантастычныя прыгоды і здарэнні. Гэта яшчэ і падарожжа кожнага з чытачоў ва ўласны свет пачуццяў, магчымасць глянуць на рэчаіснасць праз чароўнае шкельца. Што гэта так, дапаможа пераканацца кніга "Першая Прыгажуня". Казкі, якія склалі яе, распавядаюць аб прыгажунях казачнага каралеўства; злых чараўніках і высакародных рыцарах; самотным Вадзяніку; пра кветку альясу, якая пераехала ў горад; гісторыю з'яўлення зорак на небасхіле... Але насамрэч усе расповеды - водгук на падзеі сучаснага жыцця, знітаваныя спрадвечным дыханнем казкі. Прачытайце, да прыкладу "Казку пра Караля, які страшна любіў пісаць", і вы здзівіцеся яшчэ раз праўдзівасці казак.
16.08.2010
Аксана Спрынчан - экспертка "Пяцікніжжа Свабоды"
Сёння дырэктарка паэтычнага тэатра Арт.С Аксана Спрынчан назвала "Пяцікніжжу Свабоды" http://www.svaboda.org/content/transcript/2128766.html пяць кніг, у якіх на яе меркаванне найлепей спалучаюцца два віды мастацтва - паэзія і фатаграфія.
10.08.2010
"Эксперымент" у музеі Багдановіча
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Літаратурны музей Максіма Багдановіча прадстаўляюць мастацкую выстаўку Мікалая Мішчанкі "Эксперымент". Творчая асоба заўсёды знаходзіцца ў пошуку. Напісанне твораў - творчы працэс, напоўнены эксперыментаваннем з матэрыяламі і тэхнікай выканання. Сябра Беларускага саюза мастакоў Мікалай Яўгенавіч Мішчанка прадстаўляе праект "Эксперымент": акварэльныя аркушы, створаныя на працягу творчай дзейнасці мастака. Вывучэнне якасцей розных папер і асаблівасцей акварэльнага жывапісу дало магчымасць сабраць шмат аркушаў, частку якіх можна ўбачыць на выстаўцы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Сярод іх эцюды, нацюрморты, пейзажы, выкананыя падчас паездак са студэнтамі на пленэры, вандровак і ў майстэрні. Адкрыццё выстаўкі адбудзецца 12 жніўня а 17-й гадзіне па адрасе: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце). Выстаўка будзе доўжыцца да 25 жніўня. Тэлефон для даведак: 334-07-61.
06.08.2010
Інтэрв'ю Аксаны Спрынчан
Падчас творчай паездкі ў Швецыю дырэктарка паэтычнага тэатра Арт.С Аксана Спрынчан дала інтэрв'ю Шведскаму радыё. Пра асабістыя ўражанні Аксаны Спрынчан ад Швецыі, стасункі творчых людзей з Беларусі і Швецыі чытайце і слухайце тут.
04.08.2010
ВІНШУЕМ Яраша Малішэўскага!
Сёння святкуе Дзень народзінаў цудоўны гід, гісторык і музыка Яраш Малішэўскі. Мы шчыра віншуем Яраша і жадаем добрага настрою, новых песень, шчасця, кахання. Хай беларуская гісторыя прыадкрые Ярашу шмат сваіх цікавых таямніц.
03.08.2010
Публікацыя Міколы Кандратава
У 6-ым нумары часопіса "Маладосць" змешчана падборка вершаў Міколы Кандратава пад агульнай назвай "Кроплі дажджу". Восень, залюстрэчча, кроплі дажджу - гэтыя вобразы настройваюць на лірычны, задуменны лад. Ёсць тут і вершы, якія Мікола, як сапраўдны рыцар, прысвяціў чароўным дамам. Віншуем Міколу Кандратава з публікацыяй, раім пачытаць аматарам паэзіі.
02.08.2010
01.08.2010
"Назвы ад А."
Захапленне кветкамі і паэтычнае светаадчуванне Аксаны Спрынчан спалучыліся ў назвах гладыёлусаў. "Знічка", "Адлюстраванне нябёсаў", "Слуцкі пояс", "Дудар", "Арэлі дзяцінства" - такія назвы далі кветкаводы Дзмітрый Пачко і Іван Тадорскі новым гатункам гладыёлусаў па парадзе Аксаны. Пра гэта ідзе размова ў артыкуле Таццяны Канапацкай "Назвы ад А.", змешчаным у 30-м нумары газеты "Літаратура і мастацтва" ад 30 ліпеня.
28.07.2010
Творчая паездка на Чарнігаўшчыну
Незабыўныя ўражаннi атрымалi ўдзельнiкi двухдзеннай творчай паездкi на Чарнiгаўшчыну (па запрашэннi Амбасады Украiны ў Беларусi), у складзе якой сярод вядомых пiсьменнiкаў Барыса Пятровiча, Анатоля Бутэвiча, паэтаў i перакладчыкаў Валерыя Стралко, Галiны Дубянецкай, Сяржука Сыса пашчасцiла быць i мне. Праграма была вельмi насычанай. Пасля прэс-канферэнцыi з украiнскiмi пiсьменнiкамi Чарнiгаўскай нацыянальнай спiлкi, што адбылася ў доме-музеi класiка ўкраiнскай лiтаратуры М.Кацюбiнскага, было знаёмства з Чарнiгавам. Мы глядзелi на яго з вышынi валоў старога дзядзiнца i спускалiся ў прахалоду знакамiтых Антонiевых пячор. Пасля наведалi "украiнскiя пенаты" у Качанах, што належылi сям'i Тарноўскiх, дзе бывалi Гогаль, Шаўчэнка, Глiнка, Рэпiн i многiя iншыя дзеячы расiйскай i украiнскай культуры. Пазнаёмiлiся i з гетманскай сталiцай Батурыным i яго драматычнай гiсторыяй, а таксама з Мемарыялам у Крутах, дзе ў паслярэвалюцыйныя часы адстойвалася незалежнасць Украiнскай Рэспублiкi. Чарнiгаўшчына нарадзiла i дала прытулак мноству вядомых людзей, значна паспрыяла развiццю украiнскай культуры. Адкуль жа тут сканцэнтравалася столькi сiлы i энергетыкi? Магчыма, адным з адказаў ёсць геаграфiчнае становiшча Чарнiгаўшчыны. Яно асаблiвае тым, што гэты край знаходзiцца ўздоўж 52 градуса паўночнай шыраты. Калiсьцi ў далёкiя "райскiя часы" наша Зямля мела форму шара. Цяпер жа яна сплюснутая на палюсах да экватара. Але калi шар разам з элiпсоiдам размясцiць так, каб яны мелi агульны цэнтр, то iх паверхнi перасякуцца якраз па 52-iх паралелях паўночнай i паўднёвай шырот. Гэта значыць, што Зямля паблiзу гэтых паралеляў мае ўнiкальныя якасцi iдэальнай Зямлi. Напэўна, нездарма ў паласе 52-й паўночной зямной паралелi знаходзяцца знакамiтыя старажытныя помнiкi Стоўнхендж, Аркаiм, знойдзеныя тагачасныя абсерваторыi недалёка ад Прагi, стаяць старадаўнiя беларускiя гарады Тураў i Мозыр. Беларусь з Украiнай нiбыта люструюцца па гэтай паралелi. Магчыма, таму украiнцы i беларусы - блiзкiя народы, iх мовы найбольш узаемазразумелыя, чым мовы суседзяў. Хочацца верыць, што часцiнку сiлы гэтай своеасаблiвай зямлi мы захапiлi з сабой, што павiнна паспрыяць новым творчым памкненням.
27.07.2010
Падрыхтоўка да юбілею
Галоўны спецыяліст упраўлення устаноў культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Шляхцін, выступаючы на "Ракуцёўскім леце – 2010" паабяцаў, што прыкладзе максімум намаганняў, каб у наступным годзе фестываль паэзіі і песні прайшоў на дзяржаўным узроўні. "120 гадоў з дня нараджэння Максіма Багдановіча і 100 гадоў з часу яго прыбывання ў фальварку Ракуцёўшчына – даты значныя для беларускай культуры і яны не павінны быць пакінуты па-за ўвагай нашага міністэрства", - сказаў Дзмітрый Шляхцін. Якім будзе юбілейны год пакуль не вядома, бо падрыхтоўка да яго яшчэ не пачалася. Але ёсць жаданне зладзіць нешта незабыўнае і запамінальнае. Напрыклад, запрасіць вядомых беларускіх артыстаў. Сёлета фестываль прайшоў на мясцовым узроўні і меў свой каларыт – свята не было падзелены на дзве часткі, як гэта практыкававася ў мінулыя гады. Праграмы Маладзечненскага райвыканкама і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча былі аб’яднаны ў адзін вялікі канцэрт з паэтычнымі, эстраднымі, фальклорнымі і танцавальнымі нумарамі.
26.07.2010
Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў
У выдавецтве "Мастацкая літаратура" выйшла "Незвычайная энцыклапедыя беларускіх народных інструментаў" Яраша Малішэўскага і Аксаны Спрынчан. Упершыню кніга пра беларускія народныя інструменты створана ў выглядзе энцыклапедыі. Арыгінальная форма падачы кожнага інструмента дапаможа дзецям з цікавасцю і жаданнем увайсці ў свет беларускай музыкі. Аўтары ў кожным з 32 інструментаў пабачылі своеасаблівую душу і часцінку той краіны, для якой яны сталі блізкімі. Энцыклапедыя прызначаная для ўсіх тых, хто грае, спявае, слухае і, вядома ж, чытае. Мастак - Вераніка Шніп. Першы экзэмпляр падораны Балтыйскаму цэнтру пісьменнікаў і перакладчыкаў у Вісбю (Швецыя).
25.07.2010
Паездка ў Швецыю
Аксана Спрынчан была прызнана лепшай аўтаркай кнігі для дзяцей на конкурсе, што ладзілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і пасольства Швецыі ў Беларусі, і зараз гасцюе ў Швецыі на востраве Готланд у доме творчасці пісьменнікаў. Жадаем Аксане яскравых уражанняў і творчых знаходак.
21.07.2010
Каплічка
На могілках вёскі Ваўкавічы Навагрудская раёна поўным ходам ідзе рэканструкцыя каплічкі пра якую ўзгадваў Адам Міцкевіч:
Бачыш, Марыля, ля самага гаю
Вербы ўзнялі свае шаты,
Рэчка віецца далінаю з краю,
Мосцік над рэчкай гарбаты.
Вунь і царквы, і званіцы руіны,
Сыч там гняздзіцца панылы,
Зараснік побач, буяюць маліны
І захінаюць магілы…
Так у 1817 годзе пісаў у баладзе "Люблю я" Адам Міцкевіч. Вобраз царквы і званіцы захаваўся ў памяці паэта, калі той ездзіў з Наваградка ў маёнтак Рута. Царквы не стала ў гады Вялікай айчыннай вайны - немцы спалілі - і званіца вось-вось развалілася б, каб не жаданне настаяцеля прыходу Успення Прасвятой Багарадзіцы Мікалая Орсы, які ўзяўся за аднаўленне закінутага аб'екту, сцены якога асыпаліся, а замест даху пачалі расці дрэвы. Вядома ж, гэта не тая ж самая каплічка, якую бачыў паэт. Вярнуць ёй першапачатковы выгляд не атрымаецца, бо дакладных звестак пра тое, якой была святыня, не захавалася. Да таго ж, пасля смерці Міцкевіча будынак прыцярпеў не адну рэстаўрацыю. Людзі час ад часу імкнуліся ўмацаваць званіцу і дабаўлялі ў кладку цэглу свайго часу, тым самым мяняючы яе першапачатковы стыль. Цяпер адбываецца чарговая рэстаўрацыя, якая надасць каплічцы праваслаўны выгляд. Ужо усталяваны купал, але пакуль без крыжа, ідзе ўмацаванне сценаў. Наперадзе атынкоўка і фарбаванне. Каплічка будзе адкрыта для ўсіх. Работы плануецца скончыць да восені, калі пройдзе чарговы хросны ход у гонар закатаванага святара Мікалая Нядзведскага. Ён пахаваны на могілках вёскі Ваўкавічы. Нагадаем, што Паэтычны тэатр "Арт.С" быў ініцыятарам акцыі "Наша памяць", якая пачалася мінулым летам з прыборкі могілак. Цяпер актыўным рэалізатарам акцыі з'яўляецца праваслаўная царква.
20.07.2010
Здымачная пляцоўка
Мінская гарадская бібліятэка Цёткі на сёння ператварылася ў здымачную пляцоўку. Тут ідзе запіс тэленарыса "Благословение" і праекта "Чистый мир", над якімі працуе здымачная група дабрачыннага фонда "Спас". Аўтар і вядучы Зміцер Арцюх, рэжысёр Святлана Дземчанка, аператар Сяргей Злотнікаў. У тэленарысе здымаюцца Рэгіна Багамолава, Тацяна Макарэвіч, а таксама супрацоўнікі бібліятэкі. Гэта дзесяціхвілінны аповяд пра знатнага беларускага князя, ахоўніка праваслаўнай веры Канстанціна Канстанцінавіча Астрожскага, пра час, гісторыю і наша жыццё. Паглядзець тэленарыс можна будзе праз некаторы час на сайце фонда www.thesaviourfund.org і іншых сайтах Інтэрнэта.
19.07.2010
Артыкул у "Культуры"
У апошнім нумары беларускай штотыднёвай грамадска-асветніцкай газеты "Культура" у рубрыцы "Соцыум" надрукаваны артыкул Іллі Свірына "Дэталь у маштабе помніка. Быць або не?". Аўтар разбіраецца ў праблеме, якая вось ужо некалькі тыдняў не сыходзіць са старонак газет і Інтэртэт-парталаў - рэканструкцыя храма Святых мучанікаў благаверных князёў Барыса і Глеба ў Наваградку. Журналіст прыводзіць меркаванні "за" і "супраць", але не ставіць кропку. Гэта павінна зрабіць навукова-метадычная рада. Тыя, хто цікавіцца тэмай, можаце прачытаць матэрыял тут: http://www.kimpress.by/index.phtml?page=2&id=4328.
18.07.2010
Меркаванне наваградца
Вядомы літаратуразнавец Яўген Лецка, які родам з вёскі Пабрэззе Навагрудскага раёна, выказаўся супраць рэстаўрацыі Барысаглебскай царквы ў Наваградку. Ён лічыць, што гэта здзек над гісторыяй сталіцы Вялікага княства Літоўскага і ніхто не мае права перапісваць і пераробліваць яе на свой капыл. Гэта датычыць і літаратуры, і гісторыі, і архітэктуры. "Прыкрывацца тым, што было ў часы Расійскай Імперыі і вяртаць тыя часы, - гэта недапушчальная памылка, якая выклікае толькі абурэнне", - зазначыў кандыдат філалагічных навук.
16.07.2010
Ракуцёўскае лета
У нядзелю 25 ліпеня ў 12 гадзін пачнецца чарговае свята нацыяльнальнай паэзіі і песні “Ракуцёўскае лета”. Аматары свята ўжо ведаюць, што яно проходзіць у фальварку Ракуцёўшчына Маладзечненскага раёна і збірае мясцовыя фальклорныя і эстрадныя калектывы, народных майстроў, а таксама паэтаў, бардаў, літаратуразнаўцаў, артыстаў з Мінска і іншых гарадоў і вёсак Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы. Зараз супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча працуюць над сцэнарам і займаюцца арганізацыйнымі пытаннямі, каб свята прайшло на высокім прафесійным узроўні. Дарэчы, на свяце выступяць і удзельнікі Арт.С.
13.07.2010
Знікненне помніка
Вядомага беларускага пісьменніка Францішка Багушэвіча абрабавалі. З ягонай магілы, што ў Жупранах Ашмянскага раёна, знік помнік. Не дапамог і знак “Ахоўваецца дзяржавай”. У 2003 годзе помнік быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь, а сёння каштоўнасці ўжо няма. Магіла нагадвае закінутае і забытае месца на Жупранскіх могілках. Аб тым, што робіцца на магіле класіка звестак пакуль няма. Верагодна, будзе праведзена рэстаўрацыя, паколькі год юбілейны – 170 з дня нараджэння і 110 з часу смерці.
09.07.2010
Віншуем Наталлю Пушкарову!
Сёння дзень народзін у цудоўнага беларускага барда Наталлі Пушкаровай, выпускніцы Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. Праўда, яны не зусім выпускніца. Атрымаўшы дыплом настаўніцы беларускай і польскай мовы і літаратуры, Наталля паступіла ў магістратуру, дзе цэлы год будзе шліфаваць свае веды і найпер у польскай філалогіі. Як прызнаецца імянінніца, цяпер для яе на першым месцы навуковая дзейнасць. Але гэта не перашкаджае займацца творчасцю. Яе песні ўвайшлі ў дыск "Барды Свабоды" і ад радыё "Свабода" Наталля атрымала ў падарунак новую гітару. Мы віншуем нашую сяброўку з днём нараджэння, жадаем напісаць мноства песень і парадаваць сольным канцэртам.
08.07.2010
Спрэчка ў Наваградку
Сітуацыя з рэканструкцыяй храма Святых мучанікаў благаверных князёў Барыса і Глеба ў Наваградку пакуль не вырашана. Работы па аснашчэнні двух вежаў старажытнага гатычнага помніку купаламі працягваюцца. Пазней павінен з’явіцца і трэці купал – цэнтральны. Як паведамілі нашым АБВесткам у гісторыка-краязнаўчым музеі: “Навукоўцы города супраць купалізацыі царквы. Гэтым парушаецца гатычны стыль. Барысаглебская царква – гэта помнік архітэктуры, уяўляе сабой сімбіёз гатычнага і рэнесанснага стыляў з рысамі абарончага дойлідства. Купалы будуць псаваць знешні выгляд. Намі падрыхтаваны артыкулы пра гісторыю царквы ад яе з’яўлення і да нашых дзён. У бліжэйшы час яны з’явяцца ў друку”. Раней ў СМІ паведамлялася, што на правядзенне рэстаўрацыйных работ няма дазволу Міністэрства культуры, але гэта памылковае меркаванне. Днямі гараджане пераканаліся, што дазвол усё ж існуе. Гэта не самаўпраўства настаяцеля царквы, іерэя Мікалая Орсы, як пісалі раней журналісты. Ацэнка сітуацыі з пункту гледжання праваслаўнага чалавека: “Купал – гэта сімвал Неба, не таго неба фізічнага, а Неба духоўнага. Быць пад купалам – гэта значыць быць пад аховай Бога. І з’яўленне купалаў на царкве – магчымасць адчуць сябе абароненым. Праўда, калі людзі не жадаюць гэтага… Шкада, канечне, але ў кожнага з нас ёсць права выбіраць дзе і з кім быць…”. Нашы АБВесткі сочаць за разгортваннем сітуацыі і самую дакладную інфармацыю вы можаце чытаць на нашым сайце.
06.07.2010
Адпачынак
Лета паўнапраўна кіруе ў Беларусі. Многія ўжо адпачылі, многія адпачываюць зараз, а многім толькі давядзецца гэта зрабіць. Мы паспрабавалі даведацца, як бавяць час некаторыя ўдзельнікі Арт.С. І вось што пачулі. Вольга Абразцова: "Еду на два тыдні ў Крым пазагараць, пакупацца, пабыць на экскурсіях і атрымаць як мага больш добрых уражанняў". Тацяна Барысюк: "У адпачынак іду ў жніўні. Грандыёзных планаў няма. Буду то ў Мінску, то на лецішчы". Рагнед Малахоўскі: "А я буду ўсё лета працаваць і толькі на выходныя з'язджаць на Нарач. Інакш не атрымліваецца, бо толькі ўладкаваўся на працу". Вадзім Клімовіч: "Пабыў два тыдні ў Італіі. Спадабалася. Яшчэ тыдзень у бліжэйшы час хачу правесці на радзіме ў вёсцы Пліса". Алена Масла: "Адпачынак праводжу пераважна ў вёсцы на Мёршчыне, але бываю па справах і ў сталіцы". Рэгіна Багамалова: "У мяне адказны адпачынак - адпусціла дзяцей у падарожжа, а сама даглядаю ўнука"…
05.07.2010
Дзень народзінаў Янкі Купалы
4 ліпеня па традыцыі пісьменнікі з'ехаліся ў Вязынку, каб ушанаваць дзень народзінаў Янкі Купалы і прыняць удзел у свяце паэзіі.
У святочным канцэрце ўдзельнічалі знаныя пісьменнікі (Васіль Дранько-Майсюк, Навум Гальпяровіч, Анатоль Бутэвіч, Віктар Шніп і іншыя), фальклорныя калектывы і маладыя музыкі (гурты Охра, Хорціца, барды Раман Яраш і Андрэй Касцень). Усім прыйшоўся даспадобы шчыры і не без жартаў выступ сына Якуба Коласа Міхася Міцкевіча. Суполка "Літаратурнае прадмесце" пад кіраўніцтвам Людмілы Рублеўскай прадставіла свае творы, і музычныя, і паэтычныя, цэлым блокам. Сярод выступоўцаў былі і ўдзельнікі паэтычнага тэатра Арт.С. — Мікола Кандратаў, Таццяна Пратасевіч, Юлія Новік, Таццяна Барысюк. Акрамя канцэрта, усіх запрасілі ў Музей Янкі Купалы, у атмасферу XIXга стагоддзя. Каля помніка Янкі Купалы пісьменнікі ўрачыста ўсклалі белыя ружы, а арганізатары выступілі з прамовай.
01.07.2010
Грунвальд за смугою часу
Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, літаратурны музей Максіма Багдановіча, суполка “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў прадстаўляюць мастацкую выставу "Грунвальд за смугою часу" прысвечаную 660-годдзю Вітаўта Вялікага і 600-годдзю Вялікай Перамогі пад Грунвальдам. 9 ліпеня 2010 года ў 17.00 у дворыку Літаратурнага музея М.Багдановіча адбудзецца музычны фэст, у 18.00 – урачыстае адкрыццё выставы. Выстава будзе экспанавацца да 1 жніўня 2010 года. Тэл. для даведак: 334-07-61 Адрас: вул. М.Багдановіча, 7а (Траецкае прадмесце).
22.06.2010
Памяці Васіля Быкава
Сёння дзень памяці Васіля Быкава. Шэраг цікавых праграм, прысвечаных літаратару сусветнага маштабу і дыскусійным пытанням беларускай літаратуры прадстаўляе партал TUT.BY.
21.06.2010
“Поруч…”
Супрацоўнікі Літаратурнага музея Максіма Багдановіча запрашаюць да ўдзелу ў першым музейным hand-made фестывалі “Поруч…”, які адбудзецца 30 чэрвеня 2010 года, з 14.00 да 21.00 (г. Мінск, Траецкае прадмесце, вул. М.Багдановіча, 7а) Вы зможаце не толькі ўбачыць, як ствараюцца прыгожыя рэчы, але і сваімі ўласнымі рукамі паспрабаваць зрабіць што-небудзь незвычайнае. Падрабязнасці - у Гасцёўні.
12.06.2010
ВІНШУЕМ Вольгу Абразцову
Сёння Дзень народзін у Вольгі Абразцовай – цудоўнага адміністратара і сяброўкі Арт.С. Яна збірае фотаздымкі, папаўняе сайт, робіць рассылкі. Мы ўсе віншуем нашую сяброўку са святам! Жадаем кахання, радасці, удачы, дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах, здзяйснення мар і дасягнення пастаўленых мэтаў. Жадаем заставацца такой жа шчырай і адкрытай дзяўчынай.
04.06.2010
Персанальная выстава "Колеры лета"
У бібліятэцы Цёткі (Мінск, вул. Талбухіна, 12а) 3 чэрвеня 2010 года адкрылася персанальная выстава Міколы Бушчыка "Колеры лета". Выстава будзе доўжыцца чэрвень і ліпень 2010 года. У экспазіцыі прадстаўлены 14 работ мастака. Падрабязнасці глядзіце на сайце мастака www.bushchyk.com.
|
|
|
|