Арт.С

Кіраўніцтва тэатра
Дырэктарка: Аксана Спрынчан
Загадчыца галоўнай пляцоўкі: Рэгіна Багамолава
Галоўны музыка: Яраш Малішэўскі

КАНЦЭПЦЫЯ

Паэтычны тэатр "Арт.С" (Арт. Скарбонка (сустрэчы, свята, святло, сям'я, сяброўства, саюз, свабода, сонца, супадзенні, сардэчнасць, сучаснасць...)) — літаратурна-музычны Салон, Свабодны Саюз творчай інтэлiгенцыі. Збіраем на вечарыны знакамітых людзей рэспублікі, маладых творцаў і прыхільнікаў іх таленту. Праводзім літаратурна-музычныя, юбілейныя (творчыя) вечарыны і прэзентацыі, маскарады, "несапраўдныя спектаклі" (переважна з нагоды юбілейных дат класікаў беларускай літаратуры), прэм'еры кніг з антрактамі і без. Прапануем выставы: выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога і фотамастацтва.

Мэта і задачы праекта
Стварэнне Свята, замацаванне ідэй Сям'і, кахання, любові, пошук Святла, імкненне да Свабоды, прапаганда Сучаснай беларускай паэзіі і песні, музыкі, выяўленчага мастацтва і фатаграфіі, тэатральнай і кінематаграфічнай творчасці, прозы, драматургіі і публіцыстыкі. Выхаванне ў маладога пакалення беларусаў патрыятызму, любові да роднай зямлі, мовы, культуры, краіны. У сваёй дзейнасці Паэтычны тэатр "Арт.С" абапіраецца на лепшыя традыцыі беларускай і сусветнай літаратуры.

Змястоўнай асновай праекта з'яўляюцца 4 накірункі:
- патрыятычны (выхаванне любові да Радзімы, мовы, культуры),
- гістарычны (узгадваць юбілеі вядомых пісьменнікаў Беларусі, праводзіць несапраўдныя спектаклі і неафіцыёзныя юбілеі. На галоўнай пляцоўцы ўзгадваць усе асноўныя даты жыцця і творчасці Цёткі),
- этычна-эстэтычны (прышчапляць гледачам любоў да прыгожага, прапагандаваць традыцыйныя маральныя каштоўнасці беларусаў і агульначалавечыя каштоўнасці, праз паэзію і песню выхоўваць узвышаныя пачуцці, ствараць у сэрцах святло),
- экалагічны (абуджаць любоў да прыроды, беражлівае стаўленне да расліннага і жывёльнага свету, памятаць пра тое, што Зямля - гэта рай і нам яго аднаўляць).

ВЫТОКI

Нараджэнне Паэтычнага тэатра "Арт.С" было цесна звязана з дзейнасцю суполкі маладых творцаў "Літаратурнае прадмесце", у складзе якой і пазнаёміліся стваральнікі тэатра — Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан. Напачатку яны разам з кіраўніцай суполкі Людмілай Рублеўскай ладзілі шмат вечарын, затым адбыўся самастойны выхад да гледачоў. Дэбютам сталася прома-акцыя "Моладзь ідзе", якую Зміцер і Аксана правялі ў бібліятэцы Цёткі ў красавіку 2006 года, а роўна праз дзевяць месяцаў — у студзені 2007 — упершыню было сказана: "Добры вечар! Паэтычны тэатр "Арт.С" вітае вас на літаратурна-музычнай вечарыне-маскарадзе "Стары Новы год у Цёткі!.."



Шлях да гэтага быў няпростым. Сваё майстэрства вядоўцы адточвалі на такіх вечарынах, як "Вясна ў кароткім паліто...", праведзеных у двух сталіцах, Мінску і Наваградку, на імпрэзах "Восень варожыць на сініх астрах", "Ты май у лістападзе абудзі", "Скрыжаванне са снежнем".

Асобна хацелася б сказаць пра "Восень і іншыя коткі" і "Стары Новы год у Цёткі". Тут свая гісторыя. Пачалося ўсё з імпрэзы-карнавалу "Каляды ў Цёткі", якая была праведзена ў студзені 2005 года. (Ідэю Зміцера Арцюха наконт назвы "Стары Новы год у Цёткі" Людміла Рублеўская тады не падтрымала). Маладыя пісьменнікі правялі калядаванне навыварат — выйшлі на вуліцы Мінска і варажылі прахожым па калектыўным зборніку "Літаратурны квартал", затым запрашалі на вечарыну ў бібліятэку. У ролі цыганкі-варажбіткі выступіла Аксана Спрынчан. У ролях Дзеда Мароза і Снягуркі былі Віктар Шніп і Людміла Рублеўская. На скрыпцы граў Арсеній Асіеўскі, на гітары Серж Мінскевіч, на піяніна Тацяна Трошына. Свае вершы прысутным чыталі Ігар Клепікаў, Наталля Кучмель, Зміцер Арцюх, Усевалад Гарачка, Андрэй Ключнікаў, Зміцер Ермаловіч-Дашчынскі. Бібліятэкай была арганізавана выстава жывапісу мастака Спартака Аруцюняна.

У 2006-ым годзе вечарына атрымала назву "Стары Новы год у Цёткі" (літаратурны карнавал), прайшла 14 студзеня 2006 года. У ролі Снягуркі выступіла Людміла Рублеўская. Аксана Спрынчан варажыла прысутным у бібліятэцы па кнізе Уладзіміра Караткевіча. Весялілі гледачоў снегуры — беларускі (Рагнед Малахоўскі) і мараканскі (Зміцер Арцюх). У вобразе ёлкі паўстала віртуальная сяброўка "Літаратурнага прадмесця" — Рагнеда Крышталюк. Яна ж была і Бабай Мароз, якую ўсе ласкава называлі Пані. На вялікім белым аркушы паперы Мікола Кандратаў, Тацяна Пратасевіч, Аксана Данільчык, Юлія Новік стварылі псіхалагічны партрэт суполкі "Літаратурнае прадмесце". Бібліятэкай была арганізавана выстава жывапісу мастачкі Святланы Цывілька.

У тым жа 2006-ым (верасень) Зміцер Арцюх і Аксана Спрынчан правялі вечарыну-фарс "Восень і іншыя коткі". Гэта ідэя Аксаны Спрынчан, якая вельмі любіць котак за іх свабодалюбівыя паводзіны. У літаратурна-музычнай частцы прынялі ўдзел Леанід Дранько-Майсюк, Фелікс Баторын, Яраш Малішэўскі, Серж Мінскевіч, Наталля Кучмель, Зміцер Вішнёў, Ігар Клепікаў, Віка Трэнас, Юлія Новік, гурт "Жаба ў каляіне". Была арганізавана фотавыстава Аксаны Лунінец з аднайменнай назвай.